Адвакатка судзіцца з Міністэрствам юстыцыі


Сёння, 27 кастрычніка, у судзе Маскоўскага раёну суддзя Шастакоў разгледзеў скаргу Тамары Сідарэнкі на рашэнне Міністэрства юстыцыі спыніць дзейнасць ейнай адвакацкай ліцэнзіі.

Адвакатка экс-кандыдатаў на прэзідэнта Уладзіміра Някляева і Алеся Міхалевіча была пазбаўленая ліцэнзіі сёлета 30 жніўня. Рашэнне прынялі на падставе таго, што Тамара Сідарэнка нібыта мела недахопы ў працы. “Першае прадпісанне Міністэрства юстыцыі тычылася майго інтэрв’ю медыям у справе Някляева. Ім не спадабалася выказанае там дапушчэнне, што мяне мэтанакіравана не дапускаюць да падабароннага. Другое было вынесенае з нагоды недахопаў у вядзенні кнігі рэгістрацыі пагадненняў з кліентамі”, – нагадвае Тамара Сідарэнка.

Як даводзіў сёння ў судзе прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, адвакат Сідарэнка за 12 месяцаў здзейсніла два парушэнні – таму і засталася без ліцэнзіі. Тамара Сідарэнка звяртае ўвагу на несупадзенне ў чарговасці вынясення прадпісанняў: “Папярэджанне за кнігу рэгістрацыі я атрымала пасля прэтэнзіяў з нагоды інтэрв’ю, але, калі меркаваць паводле часу, гэты недахоп быў выяўлены значна раней. Атрымліваецца, што ліцэнзіі мяне пазбавілі незаконна”. Дарэчы, прадстаўнік Міністэрства юстыцыі так і не змог уцямна патлумачыць у судзе гэтага факту, зазначае адвакатка.

Суддзя Шастакоў выслухаў сёння абодва бакі ды сышоў на нараду. Рашэнне суда будзе агучанае заўтра, 28 кастрычніка, аб 11-й гадзіне. Спадарыня Сідарэнка прагнозаў рабіць не хоча, аднак зазначае, што суд у цяжкай сітуацыі, бо Міністэрства юстыцыі – яго непасрэдны начальнік.

Разам з тым, яна гаворыць, што адстойваць права на прафесію праз суд для яе вельмі важна: “Закранутыя мае годнасць і прафесійны гонар. Я больш за трыццаць гадоў працавала без усялякіх нараканняў і не магу змірыцца з тым, што мяне вось так з парушэннем усіх законаў выкідаюць з адвакатуры”.

belsat.eu

Стужка навінаў