Расейцы скупляюць дамы ля пушчы


Дамы вакол Белавежскай пушчы каштуюць да 70 тыс. долараў – за некалькі гадоў нерухомасць падаражала больш як у 50 разоў, асноўныя пакупнікі – менчукі і расейцы.

Побач з выміраючымі вёскамі Пружанскага і Камянецкага раёнаў будуюць сучасную трасу, якая ўтварае аб’язны шлях вакол Белавежскай пушчы. Працягласць аб’езду – больш за 185 км. Улады абяцалі, што ў навакольных вёсках будуць на льготных умовах давацца зямельныя ўчасткі для стварэння інфраструктуры. Аднак кошты на жытло імгненна ўзляцелі. Напрыклад, вёска Белы Лясок месціцца ўжо амаль у самой пушчы, і яшчэ нядаўна большасць дамоў тут пуставала. Тады купіць мясцовую хату каштавала не болей за тысячу долараў, цяпер самы хадавы кошт – 15–20 тыс. долараў, але на некаторыя аб’екты цэннікі даходзяць да 70 тыс. «Купляюць найбольш расейцы, якія адпачываюць у нашых мясцінах. Пару дамоў набылі і нашы суайчыннікі – пераважна гэта менчукі. Хто думае з часам абсталяваць аграсядзібу, а хто бярэ проста для сябе, каб было куды прыехаць летам, падыхаць свежым паветрам», – кажа старшыня Шарашэўскага пасялковага савету Вадзім Малышкевіч.

Дарэчы, два аб’екты ў Белым Ляску выстаўленыя на інвестыцыйных форумах як прывабныя для развіцця турызму: памяшканне былой школы з гаспадарчымі прыбудовамі і былы клуб.

Эксперты станоўча ацэньваюць патэнцыял Белавежскай пушчы ў прыцягненні турыстаў. Інвестары актыўна прыходзяць на гэтыя тэрыторыі. У вёсцы Клятное, якая таксама належыць да Пружанскага раёну, расейскі бізнесовец Мікалай Бурнас стварыў турыстычны комплекс.
«Аб’ём фінансавання склаў 20 млн долараў. Комплекс уяўляе з сябе гасцініцу і катэджы, спартовы і забаўляльны цэнтры, рэстарацыю», – паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства спорту і турызму. Не апошнюю ролю адыграла тое, што бізнесовец нарадзіўся і вырас у гэтай вёсцы. Цяпер ён узначальвае раду дырэктараў буйной кампаніі «Полимерстрой». Асноўнаю перашкодаю для развіцця паўнавартаснага малога бізнесу ў турыстычнай сферы аналітыкі называюць вялікі падатковы цяжар – больш за 80 % да прыбытку. У выніку паводле міжнароднага рэйтынгу «Doing Business» Беларусь займае 69-е месца са 183 краінаў свету.

belsat.eu

Стужка навінаў