У Бруселі шукаюць шляхоў ратавання еўра


Першы з двух самітаў ЕЗ, скіраваных на ўрэгуляванне фінансавага крызісу ў Еўропе, стартаваў у Бруселі ў нядзелю. Лідары Еўрапейскага Звязу распачалі перамовы, каб выпрацаваць комплексны план развязання пазыковага крызісу еўразоны, аднак аналітыкі гавораць, што да наступнай серады, калі адбудзецца другі саміт, прынцыповыя рашэнні прынятыя не будуць.

Прэзідэнт Рады ЕЗ Гэрман Ван Ромпёй падкрэсліў сур’ёзнасць крызісу, заявіўшы, што сустрэча станецца важным крокам у спробах яго пераадолення. «Наша сённяшняя сустрэча і саміт у сераду ёсць важнымі крокамі, магчыма, самымі важнымі на шляху пераадолення фінансавага крызісу», – заявіў Ван Ромпёй, адкрываючы сустрэчу.

На пачатку дня разглядаліся праблема грэцкай запазычанасці ды разыходжанні паміж Францыяй і Нямеччынай адносна сродкаў для Фонду фінансавай стабільнасці. Сродкі з гэтага фонду ўжо выдаткоўваліся дзеля ратавання Ірландыі ды Партугаліі.

Тым часам у Бруселі адбылася акцыя пратэсту: мітынгоўцы патрабавалі ад палітыкаў спыніць падтрыманне банкаў і скіраваць дапамогу да шараговых грамадзянаў. «Калі вы паглядзіце на мінулы год, чатыры найбуйнейшыя французскія банкі атрымалі прыбытак памерам 16,6 мільярда долараў. Калі яны могуць зарабіць столькі падчас крызісу, то відавочна, што яны могуць дапамагчы заплаціць за крызіс, які самыя стварылі», – заявіў адзін з пратэстоўцаў.

bеlsat.eu

Стужка навінаў