Лукашэнка хоча пад «адзін шынель» з Расеяй


Кіраўнік Беларусі падтрымлівае ідэю Уладзіміра Пуціна пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюзу і мае намер узяць самы актыўны ўдзел у яго фармаванні.

Пра гэта ён піша ў сваім артыкуле «Пра лёсы нашай інтэграцыі», апублікаваным 17 кастрычніка ў расейскай газеце «Известия».

Тэкст ёсць адказам на артыкул прэм’ер-міністра Расеі «Новы інтэграцыйны праект для Еўразіі – будучыня, якая нараджаецца», апублікаванага ў «Известих» 4 кастрычніка. У ёй Пуцін вылучыў ініцыятыву стварэння Еўразійскага эканамічнага саюзу, аснову якога закладаюць Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Казахстану і Расеі.

«Не ў парадку кампліменту майму калегу, былому прэзідэнту Расеі ды цяперашняму прэм’еру, скажу, што гэтая публікацыя – сапраўдная падзея. Расея ўпершыню за доўгія гады ясна і недвухсэнсоўна заявіла аб прыярытэце адносінаў з дзяржавамі, з якімі, перафразуючы класіка, выйшла з агульнага савецкага шыняля», – піша Лукашэнка.

«Больш за тое, – падкрэслівае ён, – па-мойму, упершыню ў найноўшай гісторыі Расеі пра гэта кажа кандыдат на прэзідэнта. Фактычна, як я разумею, у сваёй перадвыбарнай знешнепалітычнай праграме».

Гэта, на думку Лукашэнкі, «дарагога каштуе». «За словамі артыкулу – стратэгія. Правільная стратэгія. І толькі недалёкія людзі могуць вінаваціць публікацыю і яе аўтара ў перадвыбарнай кан’юнктурнасці», – мяркуе ён.

«У Беларусі рэакцыя на публікацыю таксама не адназначная. Пра звычайныя русафобскія стогны «пятай калоны» няма чаго нават казаць. Тут усё ясна: іх клопаты – не пра краіну, – раскрывае матывы апазіцыі беларускі кіраўнік. – Але ёсць частка грамадства, якая шчыра заклапочаная, бо вырашаецца лёс дзяржавы. Ад гэтага меркавання нельга проста адмахнуцца. Людзям трэба на справе паказаць, што канкрэтна ім дасць гэты новы саюз».

На думку Лукашэнкі, «стварэнне сур’ёзных аб’яднальных саюзаў – дакладны крок да стабільнага свету». «І тое, што ў нас існуе некалькі міждзяржаўных утварэнняў, – гэта таксама нармальна. Мы шукаем, намацваючы тыя механізмы, якія б задавальнялі інтарэсы ўсіх удзельнікаў», – піша ён, маючы на ўвазе СНД, Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі ды ЕўрАзЭС .

«Цяпер мы выходзім на ажыццяўленне рашэнняў, якія прынята называць лёсавызначальнымі. Менавіта пра гэта мае разважанні. Пра гэта артыкул У.У. Пуціна. Бо гэта турбуе нашых людзей», – гаворыцца ў публікацыі.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэслівае: «Тут не павінна быць прымітывізму. Гаворка, вядома ж, не пра тое, каб сабраць і падзяліць на траіх багацці, якія належаць нашым народам. Беларусам гэтага не трэба. Але толькі роўнасць партнёраў, у тым ліку роўнасць умоваў гаспадарання з роўным доступам да адзінай энергетычнай і транспартнай сістэмы, дасць магчымасць стварыць надзейную аснову для нашага саюзу».

«Кажучы праўду, – прызнаецца Лукашэнка, – стварэнне АЭП было для нас нялёгкім кампрамісам. А калі яшчэ больш шчыра: за Адзіную эканамічную прастору Беларусь заплаціла дорага. Але ёсць усе падставы быць перакананым, што гэтая «рызыка» акупіцца».

«Нашыя чаканні ад удзелу ў Мытным саюзе пачынаюць апраўдвацца. Павялічыліся аб’ёмы гандлю паміж яго ўдзельнікамі. Скасаваныя тарыфныя і нетарыфныя бар’еры ва ўзаемным гандлі. Адмененыя ўсе віды кантролю на ўнутраных межах. Забяспечваецца абарона беларускіх, казахстанскіх і расейскіх тавараў ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку трэціх краінаў. З адзіных пазіцыяў вядуцца перамовы з найбуйнейшымі сусветнымі гандлёвымі партнёрамі. Гэта першыя вынікі. Але мы чакаем больш значнай для нашых грамадзянаў аддачы ад дзейнасці Мытнага саюзу і АЭП», – падкрэсліваецца ў артыкуле.

«Калі мы рэалізуем мэты, намечаныя АЭП, то зможам перайсці да стварэння Еўразійскай саюзу. Беларусь возьме ў яго фармаванні самы актыўны ўдзел», – піша Лукашэнка.

«Пабудаваць такі саюз – справа няпростая. Бо, дасягнуўшы максімальна магчымага ўзроўню эканамічнай інтэграцыі, мы ўшчыльную падыдзем да неабходнасці стварэння трывалай сацыяльна-палітычнай надбудовы – з агульнымі каштоўнасцямі, прававою сістэмаю, жыццёвымі стандартамі і арыенцірамі. Тут не абысціся без паступовага кансенсуснага фармавання нейкіх наднацыянальных органаў, у тым ліку, магчыма, палітычных. Дапускаем, што ў такім выпадку ў практычную плоскасць пяройдзе і пытанне пра ўвядзенне новай адзінай валюты. Час пакажа», – піша Лукашэнка.

«У стварэнні Еўразійскага саюзу не варта бачыць спробу нейкага падзелу Еўропы, – супакойвае ён. – Скажу больш: нам нельга замыкацца ў гэтай інтэграцыі. Еўразійскі саюз я бачу як неад’емную частку агульнаеўрапейскай інтэграцыі. Наш саюз закліканы зрабіцца ключавым рэгіянальным гульцом, які дапаможа выбудоўваць адносіны з вядучымі сусветнымі эканамічнымі структурамі».

На ягоную думку, будучы Еўразійскі саюз «павінен быць спелаю структураю, сур’ёзным эканамічным гульцом на еўразійскім рынку, магутным партнёрам Еўрасаюзу». «Натуральна, у гэтай справе шмат што залежыць і ад еўрапейцаў – наколькі яны гатовыя супрацоўнічаць на роўных», – падкрэслівае беларускі кіраўнік.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары