Пацярпелая баялася, што яе абвінавацяць у рыхтаванні тэракту


«Ну вось, нас узарвалі, цяпер яшчэ некага з нас абяруць вінаватымі і будзем сядзець», – такія словы жанчыны пасля выбуху ў менскім метро прыводзіць Інэса Крутая, якая сама пацярпела ад тэракту.

Больш за месяц таму распачаўся суд у справе тэракту ў сталічным метрапалітэне 11 красавіка. Абвінавачаным Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву можа пагражаць смяротнае пакаранне. З выбуху мінула паўгода, роўна месяц справу разглядае Вярхоўны суд. Паводле старшыні суда, вырак могуць абвесціць ужо ў лістападзе.

Мянчанка Інэса Крутая, адна з больш як двух сотняў пацярпелых ад выбуху, пільна сочыць за судом. Але пакуль працэс і агучаныя на ім доказы хутчэй умацоўваюць ейнае перакананне ў невінаватасці абвінавачаных і выклікаюць пытанні да следства.

Калі Дзмітрый Канавалаў быў так блізка ад эпіцэнтру выбуху, то чаму не атрымаў ніякіх пашкоджанняў, чаму не правялі экспертызу ягонага стану здароўя або не агучылі яе вынікаў? Гэта толькі некалькі з мноства пытанняў, якія задае Інэса Крутая. «Жанчына, якая ў момант выбуху ехала на эскалатары, атрымала пашкоджанне слыхавога нерву», – удакладняе наша суразмоўніца.

Паводле вынікаў экспертызаў, праведзеных ФСБ Расеі, усталяваць партрэтнае падабенства асобы, зафіксаванай камерамі назірання ў метро, з Канавалавым немагчыма. Акрамя таго, расейскія спецслужбы выявілі ў відэафайлах прыкметы міжкадравага мантажу. Інэса Крутая ў сваю чаргу заўважыла, што на адным кадры відаць куртку з белаю палоскаю, а на іншым палоскі ўжо няма…

Бацьку Інэсы, праваабаронцы Аляксандру Крутому, удалося азнаёміцца з фрагментамі справы. Паводле пацярпелай, яны не тое што не пацвярджаюць вінаватасці Канавалава і Кавалёва, а ўвогуле сведчаць пра адваротнае. Суддзя Аляксандр Федарцоў не дазволіў Аляксандру Крутому задаць пытанні ў судзе. Не стала іх агучваць «Белсату» і спадарыня Інэса: «Як толькі я гэта распавяду, знойдзецца куча сведак, якія павернуць справу ў іншы бок».

«Калі не пакараюць вінаватых, гэта будзе меншае зло, чым калі да пятнаццаці трупаў дададуцца яшчэ два. Я не хачу, каб ад гэтага тэракту загінулі не пятнаццаць, а сямнаццаць чалавек», – гаворыць Інэса Крутая.

belsat.eu
https://youtu.be/TjclVjei4lc

Глядзі таксама
Каментары