Грошы «на гародніну» кампенсуюць прадпрыемствы?


Пяць высокарэнтабельных беларускіх прадпрыемстваў забавязалі пералічыць звышпрыбытак у Фонд нацыянальнага развіцця.

Як заявілі ў прэсавай службе ўраду, спіс прадпрыемстваў вызначылі паводле сумы заробленых імі грошай у першым паўгоддзі: «Агульная сума выплатаў складзе 1,255 трыльёнаў рублёў. Рашэнне замацаванае ў пастанове Савету Міністраў ад 7 кастрычніка. Прадпрыемствы будуць пералічваць звышпрыбытак роўнымі часткамі штомесяц цягам 2011 года, пачынаючы з наступнага месяца».

Такім чынам, у дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця частку прыбытку пералічаць ААТ «Беларуськалій» (1,1 трлн руб.), ААТ «Гомельтранснафта Дружба» (126,430 млрд руб.), РУП «Белтэлекам» (4 млрд руб.) і РУП «Белаэранавігацыя» (2,5 млрд руб.). Цікава, што з рэспубліканскага бюджэту і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва жыхарам Беларусі выдзелілі 1,7 трлн руб. дапамогі для закупкі сельгаспрадукцыі. 3,4 млн чалавек атрымалі дапамогу памерам 500 тыс. руб.

Аляксандр Лукашэнка падчас прэсавай канферэнцыі з беларускімі журналістамі ў чэрвені заявіў, што бізнес мусіць падтрымаць дзяржаву. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што органам кантролю варта праверыць, хто ўтойвае звышпрыбытак, а таксама забавязаць забяспечаных фізічных і юрыдычных асобаў «дапамагчы дзяржаве ў гэты няпросты час».

Незалежныя эксперты называюць такія захады непрымальнымі і заганнымі для развіцця бізнесу. Інвестыцыйны аналітык і кансультант Міхаіл Бараздзін мяркуе, што гэта можа негатыўна адбіцца на інвестыцыйным іміджы краіны: «У крызісны час урады шмат якіх краінаў сапраўды робяць стаўку на найбольш забяспечаных грамадзянаў і высокарэнтабельныя кампаніі. Але гэта робіцца цэнтралізавана – павышаюць падаткі. І перш за ўсё праводзіцца грамадская дыскусія, працуюць аналітыкі ды эксперты, якія прагназуюць наступствы. У нашай жа сітуацыі ўсё вырашаецца цішком – прымаецца пастанова, і бізнес ставяць перад фактам: шмат зарабляеш? Дапамагай дзяржаве!»

Фонд нацыянальнага развіцця быў створаны ўказам прэзідэнта ў 2005 г., ён накіраваны «на павелічэнне даходаў рэспубліканскага бюджэту, стварэнне фінансавай базы для рэалізацыі найважнейшых сацыяльных і эканамічных праектаў і праграмаў дзяржавы». 65 найбуйнейшых прадпрыемстваў штогод пералічваюць грошы ў гэты фонд. І сёлета гэта ўжо было зроблена ў траўні. Тады юрыдычныя асобы перавялі больш за 100 млрд руб.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары