Праваабаронцы хочуць уключыць бабруйскіх анархістаў у спіс палітвязняў


https://youtu.be/lu7Cp3Q2K_Q
Такая магчымасць абмяркоўвалася у Менску на спатканні з удзелам палітыкаў, праваабаронцаў і сваякоў асуджаных.

Раней апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі ўзгаднілі спіс палітзняволеных паводле формулы “11+3”. Адносна 11 пералічаных у спісе няма рознагалоссяў. Гэта Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павал Севярынец, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч. Яшчэ трое – Яўген Васьковіч, Павел Сырамалотаў і Арцём Пракапенка, асуджаныя за спробу падпалу будынку КДБ у Бабруйску.

Датычна іх узніклі рознагалоссі праз недастатковую інфармацыю пра крымінальныя справы супраць іх.

Каментуючы вынікі сённяшняй сустрэчы, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак паведаміў, што “пераважна гучалі эмоцыі, а патрэбная фактура: судовыя рашэнні, пастановы, скаргі”. “Мы папрасілі матэрыял, каб вывучыць справу дасканальна, а потым рабіць высновы. Пакуль што рабіць высновы рана”, – сказаў Гулак.

Сустаршыня аргкамітэту ў стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі падкрэслівае, што маладыя людзі – перадусім грамадзяне Беларусі, а не чальцы анархічнага руху. “Такім чынам, сёння мы патрабуем вызвалення 14 чалавек, прысуды супраць якіх палітычна абгрунтаваныя. На жаль праваабаронцы не сачылі за судовымі працэсамі гэтых трох асуджаных гэтак, як за працэсамі ў справе 19 снежня, таму гэтая сустрэча мае на мэце ўдакладніць усе факты і выпрацаваць адзіную пазіцыю”, – кажа палітык.

Палітолаг і былы палітвязень Аляксандр Фядута лічыць, што пры адзінстве паміж усімі дэмакратычнымі сіламі ў краіне, палітзняволеныя могуць выйсці на волю яшчэ сёлета.

“Працэс над “анархістамі” зрабілі палітычным самі ўлады. Зрабілі ў той момант, калі яшчэ падчас следства вынеслі прысуд, што адлюстравалася ў сюжэтах на тэлебачанні ды ў дзяржаўным друку, дзе заяўлялася, што яны анархісты, палітычныя супраціўнікі ўладаў і здзейснілі злачынства. І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ анічога недаказалі ў судзе”, – кажа спадар Фядута.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары