За верасень прадукты харчавання падаражэлі на 18,6 %


Больш за ўсё павялічыліся кошты на яйкі – на 31,2 %. Цэны на мяса і птушку выраслі на 26 %, на гародніну – на 25 %, каўбасныя вырабы падаражэлі на 22,5 %, масла – на 20 %, цукар – на 19 %, рыба і морапрадукты – на 17 %. Патанела толькі бульба.

Паводле ацэнак спецыялістаў, найбліжэйшым часам працягне даражаць мяса і малочныя вырабы. Эканамістка Ірына Урбан кажа: “Такім чынам ажыццяўляецца дамова аб Мытным саюзе – мы мусім дасягнуць ураўнаважаных коштаў з Масквою. Да таго ж, сённяшняе штучнае стрымліванне ўладамі курсу долара можа ізноў прывесці да дэфіцыту на валютным рынку, розніцы курсаў і дысбалансу на фінансавым рынку”.

Паводле звестак “Белстату”, у параўнанні з пачаткам 2010 года садавіна, алей і крупы сёння каштуюць амаль на 200 % даражэй. І спыняцца цэны не будуць. Услед за перакананнямі ўладаў аб стабілізацыі беларускага рубля некаторыя крамы таксама нязначна зменшылі кошты на асобную прадукцыю.

“Тое, што некаторыя прадукты сталі таннейшыя, трэба разглядаць выключна як часовую захаду: гэта былі акцыі на продаж, – кажуць у гіпердыскаўнтэры “Еўраопт”. – Кожны тыдзень мы выстаўляем новыя кошты ў адпаведнасці з курсам рубля, але часам здараецца, што цэннікі змяняем і кожны дзень – гэта залежыць ад таго, паводле якога курсу мы разлічваемся з імпарцёрамі, колькі каштуе паліва і камунальныя паслугі”.

Чаму ж патанела бульба? У Расеі, як і ў нас, сёлета добры ўраджай бульбы і капусты. Адпаведна, закупныя цэны застаюцца на досыць нізкім узроўні, а таму айчынная прадукцыя, хутчэй за ўсё, амаль не пакіне межаў Беларусі. І бульба – адзіны прадукт, які за апошні месяц патаннеў – на 11 %.

belsat.eu

Стужка навінаў