Эксперты: Апазіцыя паказала сваю наяўнасць і не болей за тое


Палітолагі лічаць, што Народны сход сабраў малую колькасць удзельнікаў праз тое, што апаненты ўлады чарговы раз не змаглі мабілізаваць насельніцтва, якое, у сваю чаргу, яшчэ не саспела да пратэстаў.

Як гаворыць эксперт Аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Валер Карбалевіч, гэта была традыцыйная для апошніх гадоў апазіцыйная акцыя – эканамічны крызіс аніяк не паўплываў ні на колькасць яе ўдзельнікаў, ні на здольнасць апазіцыі мабілізаваць людзей на пратэст. “Грамадства да рэвалюцыяў не гатовае і ўвогуле не бачыць сэнсу выходзіць на вуліцу, мяркуючы, што гэта ўсё адно ні на што не паўплывае. А апазіцыя не змагла растлумачыць насельніцтву, для чаго патрэбна збірацца”, – лічыць Валер Карбалевіч.

Прычына – найперш у непаслядоўнасці пазіцыянавання сустрэчы, мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў. Ён нагадвае, што калі ў чэрвені арганізатары абяцалі на Народным сходзе зладзіць ледзь не кастрычніцкую рэвалюцыю, то непасрэдна перад пачаткам усё рабілася дзеля таго, каб паказаць падкрэсленае выкананне патрабаванняў заканадаўства. “Адпаведна, фармат аказаўся размыты, з аднаго боку – прадказальны для ўладаў, а з другога – не вельмі зразумелы для ўдзельнікаў. Як вынік – апазіцыя сёння чарговы раз засведчыла сваю наяўнасць, не болей за тое”, – гаворыць Юрый Чавусаў.

Ці пачуе грамадства заклік апазіцыі выйсці на плошчы 12 лістапада, Валер Карбалевіч прадказваць не бярэцца. Паводле яго, сацыяльны пратэст – рэч, якая прагнозам не паддаецца. У сваю чаргу Юрый Чавусаў лічыць, што яшчэ не саспеў той масіў незадаволеных грамадзянаў, якія гатовыя для дэманстрацыі свайго незадавальнення адкрыта ісці на непадпарадкаванне ўладам. “Для гэтага патрэбна большая колькасць беспрацоўных, большая колькасць збяднелых грамадзянаў”, – падсумоўвае ён.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары