Мікалая Статкевіча перавялі на лягчэйшую працу


Сёння палітвязня ў калоніі наведаў адвакат.

“Мы хоць пераканаліся, што Мікалай жывы-здаровы і па-ранейшаму застаецца ў Шклове”, – распавяла “Белсату” грамадзянская жонка вязня Марына Адамовіч. Жанчына гаворыць, што пасля кароткага тэлефанавання дачцэ ад Мікалая Статкевіча не было аніякіх звестак, і сваякі вельмі непакоіліся, што яго таемна этапавалі ў нейкую іншую турму, як гэта адбылося з Андрэем Саннікавым і Змітром Дашкевічам.

Са словаў адваката, Мікалай Статкевіч выглядае нармалёва, трымаецца ўпэўнена. Рука ў яго зажыла, але пакуль не вельмі добра функцыянуе суглом, з рабрынаю таксама ўсё больш-менш у парадку. “Я так разумею, што пасля таго розгаласу, што атрымала ў СМІ гісторыя пра тое, што хворага Статкевіча выганяюць на працу, яго на нейкі час пакінулі ў спакоі ды далі аднавіць здароўе”, – гаворыць Марына Адамовіч. Цяпер Мікалай Статкевіч выйшаў на працу: “Па-ранейшаму – на лесапілцы, але бярвенні ўжо не цягае, яго перавялі на лягчэйшую дзялянку”.

Што тычыцца асабістых кантактаў палітвязня са сваякамі, то тут, як гаворыць Марына Адамовіч, зменаў да лепшага няма. Мікалаю Статкевічу па-ранейшаму не дазваляюць ні тэлефанаваць, ні пісаць блізкім. Ніяк не вырашыцца пытанне і з тым, каб Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч змаглі пажаніцца. Жанчына ўпэўнена, што адміністрацыя калоніі наўмысна тармозіць гэтае пытанне, каб не дапусціць ейных сустрэчаў з Мікалаем Статкевічам.

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Мікалая Стакевіча асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі. Дасылаць лісты палітзняволенаму можна на адрас: 213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, ПТК № 17.

belsat.eu

Стужка навінаў