Абаронцы жывёлаў выступаюць за забарону разводзіць непародзістых гадаванцаў


На іхнае меркаванне, гэта можа спыніць рост бадзяжных катоў і сабакаў у гарадах.

Падчас круглага стала, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны жывёлы, прадстаўнікі няўрадавых грамадскіх арганізацыяў абмеркавалі з чыноўнікамі захады, якія б палепшылі сітуацыю ў краіне. Нагадаем, што зараз праходзіць узгадненне законапраект “Аб абыходжанні з жывёлаю”. Удзел у распрацоўванні прымалі таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў.

Старшыня грамадскай арганізацыі “Абаронім жыццё” Алена Цітова адзначае: “Мы лічым неабходным улучыць у законапраект норму, у адпаведнасці з якою жывёла, што жыве ў прыватным сектары, на аўтастаянках ці будаўнічых пляцоўках, мусяць абавязкова быць стэрылізаваныя. Апроч таго, можна дазваляць развядзенне толькі пародзістых сабакаў і катоў праз спецыялізаваныя кіналагічны і феліналагічныя клубы з ліцэнзіяй, забараніўшы разводзіць ў хатніх умовах беспароднікаў”.

На думку экспертаў, гэтыя захады паспрыяюць змяншэнню колькасці бадзяжнай жывёлы, тым самым знізіцца эканамічны цяжар на бюджэт, палепшыцца эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне і маральны стан грамадства. У Міністэрстве жыллёвай гаспадаркі, прадпрыемствы якога займаюцца адловам бадзяжнікаў, паведамілі, што за год у беларускіх гарадах забіваюць больш за 80 тыс. жывёлінаў. “Такія захады неэфектыўныя, – лічыць валанцёр прытулку для жывёлы Наталля Сцяпашына. – Гэта спрабавалі ў шмат якіх краінах свету, але ўбачылі, што на месца забітых прыходзяць новыя – больш хітрыя і прыстасаваныя да складанага жыцця. Менавіта таму ў развітых краінах важнае месца займае выхаванне пачуцця гуманізму і адказнасці за жывёлу. У Беларусі ж не прадугледжваецца ніякага пакарання за тое, што гаспадары адмаўляюцца ад катоў і сабакаў, выкідаюць іх на вуліцу. А сістэма пошуку новых гаспадароў трымаецца на альтруізме невялікай групы людзей, таму гэтак шмат жывёлы на нашых вуліцах”.

belsat.eu

Стужка навінаў