Японскі прафесар рыхтуе кнігу пра Беларусь


Выкладчык Такійскага тэхналагічнага ўніверсітэту Макато Хаясака спадзяецца адкрыць для сваіх суайчыннікаў новую краіну без шаблонаў і стэрэатыпаў.

Амаль сорак гадоў таму ён упершыню трапіў у Варшаву. Тады ж зацікавіўся польскаю гісторыяй: актыўна вывучаў мову і даследаваў падзеі Рэчы Паспалітай. Крыху пазней пачаў вывучаць расейскую мову, а навуковыя інтарэсы пашырыліся таксама на Украіну і Беларусь.

Сёлета прафесар наведаў Міжнародны кангрэс беларускіх даследчыкаў у Коўне і пасля гэтага накіраваўся ў Горадню, куды яго суправаджаў вядомы беларускі гісторык і даследчык Алесь Смалянчук. Разам яны таксама пабывалі на Віцебшчыне – на радзіме Васіля Быкава. А ў Глыбокім іх сустракаў рэдактар і выдавец мясцовай газеты Уладзімір Скрабатун. “Шмат хто наведваў Глыбокае: вялікія князі літоўскія Альгерд і Вітаўт, імператар Напалеон Банапарт, польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі, але прафесар з Токіа прыехаў упершыню. Яго цікавіла гісторыя нашай царквы і касцёлу. Пасля экскурсіі было заўважна, што ён зачараваны прыгажосцю нашых святыняў у стылі віленскага барока”.

Пасля Глыбокага гісторыкі накіраваліся ў Мядзель, дзе было запланаванае наведванне тамтэйшага касцёлу кармелітаў і начоўка. У прафесара досыць насычаны расклад, бо ён паставіў мэту ўбачыць як мага больш беларускіх мястэчак і змясціць у кнізе звесткі пра Беларусь ад старажытнасці да сучаснасці. Макато Хаясаку вельмі ўразіў Віцебск – радзіма знакамітага мастака Марка Шагала. “У Японіі, праўда, Шагала асацыююць з Расеяй, а пра Беларусь збольшага даходзіць палітычная інфармацыя дый звесткі пра экалагічныя праблемы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, бо ў гэтым плане наладжаная супраца з Японіяй. Але наагул на Усходзе мала чулі пра Беларусь, таму я хачу правесці дасканалае даследаванне для сваёй кнігі”.

belsat.eu

Стужка навінаў