Сербія – Косава: сітуацыя напружваецца


Вайсковыя сілы Косава павялічылі колькасць жаўнераў на памежным пункце Ярыне, каб не паўтарыліся сутычкі, што адбыліся 27 верасня. У выніку сутыкненняў некалькі дзясяткаў чалавек былі параненыя.

Вайскоўцы мяркуюць, што косаўскія сербы будуць надалей утрымліваць свае барыкады каля двух спрэчных пунктаў памежных пераходаў з Сербіяй. Улады Сербіі папярэджваюць, што працягнуць ужываць сілу дзеля аховы сваіх блок-пастоў.

Паводле сведак з боку маніфестантаў, вайскоўцы ўжылі агнястрэльную зброю, слезацечны газ і гумовыя кулі, каб разагнаць дэманстрацыю супраць разбурэння барыкады на вузкай дарозе за 150 метраў ат памежнага паста Ярыне.

Са словаў прэсавага сакратара НАТО Ральфа Адамэтса, страляніна распачалася, калі пратэстоўцы скіраваліся ў бок вайскоўцаў на грузавіку і спрабавалі выкрасці зброю. Пасля чаго маніфестанты адкрылі агонь па жаўнерах і закідалі іх самаробнымі бомбамі, параніўшы чатырох вайскоўцаў.

Надзеі на ўрэгуляванне канфлікту звязваюць з перамовамі Бялграду і Прыштыны, што адбываюцца пад патранатам Еўразвязу. Мяркуецца, што пасля гэтага вызначацца фармальнасці іх далейшага суіснавання.

“Учорашні інцыдэнт паміж “Сіламі для Косава” і дэманстрантамі – гэта тое, на што мы мусім забыцца, але адначасова гэта і важны ўрок. Я толькі спадзяюся, што “Сілы для Косава” навяжуць рэгулярныя кантакты з мясцовымі лідарамі, з мэрамі, – такім чынам, каб паспрабаваць супакоіць нізы і падрыхтаваць глебу для палітычных перамоваў”, – заявіў сакратар ААН у справе Косава Олівэр Іванавіч.

Жыхары сербскага анклаву на тэрыторыі Косава, што прылягае да мяжы, выступілі супраць зняцця барыкадаў, якія яны выставілі раней, пасля таго, як косаўскія ўлады паспрабавалі ўзяць свае ж кантрольна-прапускныя пункты пад кантроль.

Жыхары гэтага анклаву не прызнаюць незалежнасці Косава і заяўляюць, што яны дагэтуль застаюцца ў складзе Сербіі.

Нагадаем, што Косава ў 2008 г. у аднабаковым парадку аддзялілася ад Сербіі ды абвесціла незалежнасць. Тым часам, паводле канстытуцыі Сербіі, Косава па-ранейшаму лічыцца сербскім аўтаномным рэгіёнам. Акрамя гэтага, некалькі рэгіёнаў Косава, у якіх жывуць пераважна сербы, не падпарадкоўваюцца ўладам самаабвешчанай рэспублікі.

Бялград хоча ўступіць у Еўразвяз, і, імаверна, атрымае статус кандыдата да канца кастрычніка, але Сербія дзеля гэтага мусіць урэгуляваць дачыненні з Косавам.

belsat.eu

Стужка навінаў