Навошта нам гэтае тэлебачанне?


Пераклад артыкулу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, дырэктар  „Белсату”, які апублікавалі ў польскай версіі часопісу “NEWSWEEK”.

Палітыка падтрымкі незалежніцкіх памкненняў у свеце — гэта шанец для Польшчы. Каб яго выкарыстаць, не дастаткова выклікаць добрае ўражанне. Трэба добра папрацаваць.

Агнешка Рамашэўска-Гузы 

У эру рэвалюцый у Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе Еўропа спрабуе выпрацаваць канцэпцыю падтрымкі свабодалюбівых памкненняў у краінах, у якіх усталяваўся аўтарытарны лад. На Польшчы, з увагі на гістарычны досвед, спачывае адмысловае заданне, каб у дадзеным працэсе з сэнсам удзельнічаць. Вось толькі невядома, ці мы справімся.

Летась стала зразумела, што г.зв. рэалістычная палітыка заходніх дзяржаў у дачыненні недэмакратычных рэжымаў — і немаральная, і неэфектыўная. Яе асноўнай задачай было падтрыманне стабільнасці ў рэгіёне, нават за кошт пераследу грамадзян унутры краіны.

Між тым неспадзявана стабільнасць выцеснілі хваляванні і грамадзянскія войны. Еўрапейскія краіны зразумелі, што прыйшоў час выпрацаваць іншыя мадэлі дзеянняў, чым проста паліцэйская дапамога дыктатуры, якую яшчэ на пачатку пратэстаў у Тунісе запрапанавала ўраду прэзідэнта Бен Алі французская міністр замежных спраў. Высветлілася, што пасля падзення рэжымаў  заходнія краіны не могуць зразумець новай, ахопленай хаосам, рэчаіснасці і не маюць выпрацаваных каналаў камунікацыі з грамадствам і элітамі з пазаўрадавых колаў.

Польшча — гэта найлепшы прыклад таго, наколькі эфектыўнай у будаванні апазіцыі можа быць вонкавая дапамога. Амаль кожны, хто вырас у ПНР, чуў пра Радыё „Свабодная Еўропа”, а людзі з прафсаюзу „Салідарнасць” дакладна ведаюць, наколькі важная была дапамога для гэтай падпольнай арганізацыі ў 80-я гады. Мы часта хвалімся гэтым дсоведам, а нашыя заходнія партнёры глядзяць на нас са спадзяваннямі. Я не сцвярджаю, што Польшча стане Праметэем народаў, які прынясе ім святло свабоды і дэмакратыі, тым не менш варта выкарыстаць наш унікальны досвед і запоўніць прабел, які з’явіўся ў еўрапейскай і сусветнай палітыцы.

Калі я думаю аб праектах, мэта якіх — падтрымка грамадстваў у іх барацьбе з дыктатурамі, мне прыгадваецца тэлебачанне Аль-Джазіра. Менавіта яно стварыла ў арабскіх краінах асновы грамадскай думкі, без якой няма ні дэмакратычных пераўтварэнняў, ні незалежнасных памкненняў. Тэрарызаваныя і раздробненыя дыктатарамі народы не могуць абараняцца. Абараняцца могуць людзі, якія здабылі пэўныя веды пра свет і дзякыючы гэтаму атрымалі магчымасць кантраляваць рэчаіснасць, у якой жывуць. Сёння мы слушна шмат гаворым пра ролю інтэрнэту ў арабскіх рэвалюцыях, тым не менш першы імпульс дала ім прыдуманая эмірам Катару Аль-Джазіра.

У Польшчы няма эміра Катару і нафтадаляраў, але не гэта асноўная праблема. Досвед стварэння тэлебачання „Белсат”, першага незалежнага тэлебачання для Беларусі, ясна паказвае, у чым заключаюцца польскія слабасці і што можа аказацца сур’ёзнаю хваробаю, якая без радыкальнага лячэння не дазволіць нам выкарыстаць нашага патэнцыялу.   

Па-першае, мы часта выбіраем найпрасцейшы, а не найбольш эфектыўны шлях. Павінна быць відавочным — каб дэмакратыю ўводзілі самі зацікаўленыя грамадзяне, найбольш эфектыўнымі будуць дзеянні, якія аказваюць уплыў на як мага шырэйшыя колы, і тыя, якія ўздзейнічаюць на найбольш уплывовыя групы ў краіне. Аднак сярод польскага чынавенства пераважае справаздачны і паводзінскі падыход. Нашмат вышэй цэняцца маларызыкоўныя дзеянні, якія прасцей арганізаваць, а ў справаздачах выглядае, што іх было багата, — канферэнцыі, сімпізіюмы і курсы.

У любові да курсаў мы не выключэнне. Ва ўсёй Еўропе арганізуюцца мерапрыемствы для грамадзян недэмакратычных дзяржаў, пераважна ў краіне, якая іх фінансуе — такім чынам сродкі, прызначныя на замежную дапамогу, застаюцца ў краіне. Дзякуючы гэтаму, беларускія журналісты будуць, бадай, найлепш абвучанымі ў Еўропе. Застаецца толькі яшчэ адна праблема: ім няма дзе працаваць. Дзеля справядлівасці зазначу, што ёсць шмат вельмі цікавых і патрэбных канферэнцый; я сама ўдзельнічала ў некалькіх з іх. Аднак пасля дыскусій, планавання і вучобы павінен настаць час дзеяння.  

Палітыка падтрымкі дэмакратыі — гэта адна з галін замежнай палітыкі, а яна, насуперак распаўсюджанаму ў Польшчы перакананню, змяшчае ў сабе не толькі сустрэчы і дэкларацыі, а і дзеянні, на якія патрэбны сродкі. Іх сэнс палягае на тым, што яны будуюць пазіцыю і будучыя магчымасці Польшчы ў свеце. Калі польскія запэўненні ў падтрымцы Лібіі застануцца толькі сімвалічнымі і абмяжуюцца, як дагэтуль, да мільёна злотых, то нашае значэнне ў Фондзе на карысць дэмакратыі будзе, імаверна, адпаведна невялікім.

І не дапаможа досвед, мінуўшчына „Салідарнасці” ані тое, што міністр Сікорскі быў першым еўрапейскім міністрам у Бенгазі.

Грошы на курсы знайсці даволі лёгка, але пры гэтым, нягледзячы на Ўсходняе Партнёрства, тэлебачанне для Беларусі ў пошуках фінансавання ўжо некалькі гадоў б’ецца галавою аб мур еўрапейскіх ўстаноў. Адзіная фінансаваная Еўрапейскаю Камісіяю перадача „Белсату”, скіраваная на папулярызацыю ідэй Еўразвязу, „Акно ў Еўропу” праз год ад пачатку трансляцыі была знятая з эфіру і перададзеная на рэалізацыю прапагандыстам Беларускага дзяўржаўнага тэлебачання. Як бачым, у Еўропе пераважае менталітэт, паводле якога супрацоўнічаць з грамадствам, магчыма, добра, хоць значна лепш — з уладаю.

Старыя серыялы замест інфармацыі

Вельмі польская праблема заключаецца ў тым, што службоўцы не выходзяць думкамі па-за межы аднаго бюджэтнага году. На этапе праектавання дзеянняў мала хто задумваецца над іх мэтамі, над тым, якія яны павінны прынесці канкрэтныя вынікі. Для чыноўнікаў больш істотна, у якую рубрыку бюджэту іх ўнесці і колькі там змесціцца. У выпадку адасобненых дзеянняў гэта атрымліваецца: тут абрэжам, там абмяжуем. У залежнасці ад магчымасцяў бюджэту можна арганізаваць цыкл пяці або трох семінараў, выкапаць у Судане тры або адзін калодзеж. У выпадку тэлебачання справа выглядае інакш. Такі сур’ёзны медыя-праект, як Аль-Джазіра, і якім хацеў бы быць „Белсат”, павінен быць стабільным праектам і мець гарантаваную фінансавую базу для працы. У прынцыпе, можна рыхтаваць інфармацыйную перадачу праз дзень або трансляваць старыя польскія серыялы, бо яны бясплатныя, але ўзнікае пытанне: навошта? Хіба толькі па тое, каб напісаць у справаздачы, што тэлебачанне для Беларусі працуе.

У выпадку буйных і перспектыўных праектаў неабходна выпрацаваць сістэму доўгатэрміновага фінансавання, якой, нягледзячы на намаганні МЗС (у жніўні парламентам быў прыняты адпаведны закон, хоць, па-мойму, ён няпоўны і незадавальняльны), у Польшчы ўвесці не ўдалося.

Я не сцвярджаю, што толькі медыя-праекты могуць быць панацэяй на ўсе праблемы аўтарытарных краін. Тым не менш, яны неабходныя, каб усталяваць непасрэдны кантакт не з уладаю, а з грамадствам. Калі нехта ведае, як можна танней і гэтак жа эфектыўна, як гэта робіць тэлебачанне „Белсат”, прамовіць да 600 тысяч асоб у Беларусі, няхай гучна нам гэта скажа, бо я другога такога спосабу не ведаю.  

Для мяне відавочна, што эфектыўнасць павышаецца, калі спалучыць намаганні, а між тым мы, палякі, любім шукаць універсальны ключ, які пасаваў бы да ўсіх дзвярэй. Шырока распаўсюджаныя стыпендыі для беларусаў, якія могуць трапляць і да людзей, набліжаных да ўлады, каб пераканаць іх да дэмакратычнай альтэрнатывы. Гэта можа мець сэнс, але толькі тады, калі яны будуць адным з элементаў палітыкі падтрымкі дэмакратыі, побач са стыпендыямі Каліноўскага для ўдзельнікаў незалежніцкіх акцый пратэсту і побач з дапамогаю рэпрэсаваным. Калі яны застануцца адзіным элементам, то пераўтворацца ў сваю супрацьлегласць, г.зн. у падтрымку людзей рэжыму.

Непатрэбная нікому фікцыя

Любая ўзгодненая палітыка, таксама скіраваная на падтрыманне дэмакратыі, патрабуе рашучасці і паслядоўнасці. Тэлебачанне „Белсат” добра развіваецца і здабывае новых гледачоў, але яго бюджэт з году ў год змяншаецца, а існаванне штогод становіцца прадметам торгу. Лёс „Белсату” — ненайлепшае прадвесце. Бо, на жаль, альтэрнатыва зразумелая: або свет фіктыўных і ўяўных крокаў, або рэальныя дзеянні, якія дазваляюць рэалізаваць палітычныя мэты.

Калі б урад прызнаў, што Польшча не ў стане фінансаваць тэлебачання для Беларусі, або што такое тэлебачанне не мае сэнсу, то ён павінен прыняць рашэнне аб закрыцці каналу. Я, безумоўна, буду пераконваць, каб гэтага не рабіць, бо лічу гэта абсалютна няслушным, але з рашэннем пагаджуся. Тым не менш, недапушчальным лічу паступовы заняпад праекту ў выніку недзеяздольнасці дзяржаўных структур, якія не запэўнілі яму стабільных умоў. Недапушчальна і даводзіць да стану, каб пазбаўлены магчымасці далейшага развіцця „Белсат” паволі пераўтвараўся ў карыкатуру самога сябе, паўтараючы па 15 разоў адну перадачу і транслюючы старыя польскія серыялы. Толькі па тое, каб быць у справаздачы.

Палітыка падтрымання Еўразвязам незалежнасных памкненняў, хоць нестабільная і слаба ўкаранелая ў традыцыі еўрапейскай дыпламатыі, — гэта шанец для Польшчы. Аднак, каб выкарыстаць гэты шанец, не дастаткова выклікаць добрае ўражанне. Трэба добра папрацаваць.   

Агнешка Рамашэўска-Гузы — дырэктар Тэлебачання „Белсат” і дырэктар Аддзелу Польскага тэлебачання ў Беластоку

Штотыднёвік „Newsweek”, 26.09 – 02.10.2011 

рубрыка „Польшча. Суседзі.”

Стужка навінаў