Фотафакт: пажар у гатэлі «Беларусь»


Пажар на даху гатэлю “Беларусь” каля поўдня 26 верасня ўдалося аператыўна патушыць. Як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі Віталь Навіцкі, паведамленне пра ўзгаранне паступіла да ратавальнікаў аб 11.25.

Да месца пажару аператыўна прыбылі некалькі пажарных разлікаў. Працаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў выявілі, што на даху гатэлю гарэў будаўнічы бітум. Плошча ўзгарання, паводле Навіцкага, нязначная і склала некалькі квадратных метраў.

Прэс-сакратар адзначыў, што пажар быў ліквідаваны аб 11.46, пацярпелых няма, пашкоджанні будынку таксама нязначныя. “Паколькі гатэль на рэканструкцыі, эвакуяваць нікога не давялося”, – падкрэсліў ён. Прычыны пажару высвятляюцца.

У красавіку 22-павярховы гатэль “Беларусь” быў закрыты на рэканструкцыю, якую плануецца закончыць да чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г. Запланавана дарасціць два паверхі, паставіць панарамны ліфт, цалкам памяняць інжынерныя сеткі, правесці маштабны рамонт нумароў. Радыкальна мае змяніцца і выгляд гатэлю.

belsat.eu

Стужка навінаў