Валер Міснікаў супраць Беларусі


Камітэт правоў чалавека ААН разглядае скаргу віцебчука.

Праваабаронца Валер Міснікаў паскардзіўся ў камітэт на гарадскія ўлады. Яны забаранілі яму правесці адзіночны пікет, спасылаючыся на перашкоду руху мінакоў і транспарту. Пра гэта паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

У скарзе ў Камітэт правоў чалавека ААН віцебчук заявіў, што ўлады парушылі ягонае права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў ды перакананняў і права на распаўсюд інфармацыі. Праваабаронца паспрабаваў адстаяць іх у розных судах краіны – пачынаючы з Кастрычніцкага раённага суда ў Віцебску і заканчваючы Вярхоўным Судом, але безвынікова.

25 лістапада 2010 г. Валер Міснікаў падаў заяўку ў Віцебскі гарвыканкам на правядзенне пікету. Мэта – прапаганда неабходнасці забеспячэння правоў чалавека і распаўсюд інфармацыі пра ўмовы, якія дзяржава мусіць стварыць, каб кожны грамадзянін меў магчымасць рэалізоўваць свае правы. Пікет забаранілі.

«Як законапаслухмяны грамадзянін падчас мерапрыемства я не збіраўся парушаць правоў грамадзянаў, у тым ліку і іхнага права на вольнае перамяшчэнне па горадзе, – сцвярджае віцебскі праваабаронца. – Тым больш, што ў пікетаванні меўся ўдзельнічаць я адзін і рэальна не змог бы ствараць перашкоду руху мінакоў і гарадскога транспарту. Таму падстава, на якой улады адмовілі мне ў правядзенні пікетавання, ёсць надуманай і незаконнай».

У большасці краінаў, у тым ліку ў Расеі, для адзіночнага пікету дазвол уладаў не патрэбны.

belsat.eu

Стужка навінаў