Культурна-гістарычная чыстка


Міністэрства культуры пазбавіла статусу гістарычнай каштоўнасці Успенскую царкву ў в. Рудск Іванаўскага ХІХ ст. Разам з ёю такога статусу пазбавіліся яшчэ некалькі аб’ектаў: будынак на вул. Леніна, 24, у Кобрыне, іканастас капліцы ў складзе царквы ХVІІІ ст. Раства Багародзіцы са званіцаю ў в. Ляхаўцы Маларыцкага раёну, стаянка-3 перыяду неаліту і стаянка-4 перыяду неаліту і ранняга жалезнага веку ў в. Моталь, каменны могільнік у в. Вострава, стаянкі перыяду мезаліту ў в. Зальвяны, гарадзішча перыяду сярэднявечча ў в. Маскалі, гарадзішча ў в. Навасёлкі, стаянка перыяду неаліту і бронзавага веку ў в. Пацавічы Мастоўскага раёну.

У прэсавай службе Міністэрства культуры зменаў не каментуюць і спасылаюцца на рашэнне адказнай за гэтыя пытанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі ды культуры Антон Астаповіч кажа, што рада пры Міністэрстве культуры ператварылася ў своеасаблівы інстытут “вынясення смяротных прысудаў нашым помнікам”: “Тыя, хто мусіць ахоўваць помнікі згодна са сваімі прафесійнымі абавязкамі, выносяць не тыя рашэнні, якія адпавядаюць закону, але кіруюцца загадамі ўладаў”.

Паводле закону “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, аб’екты “могуць быць пазбаўленыя статусу гiстарычна-культурнай каштоўнасцi ў выпадку страты iмi iх адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцяў”. Улады ж пры вынясенні рашэння найчасцей кіруюцца тэхнічным станам помнікаў, зазначае Астаповіч.

belsat.eu

Стужка навінаў