Кавалёў: Аператыўнікі пераканалі абгаварыць сябе (абноўлена)


У судзе абвешчаны перапынак да заўтра 11:00

Абвінавачаны ў справе аб тэракце ў менскім метро Уладзіслаў Кавалёў сцвярджае, што аператыўнікі Галоўнага кіраўніцтва барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю Міністэрства ўнутраных справаў пераканалі яго абгаварыць сябе перад допытам з адвакатам.

Як заявіў Кавалёў 19 верасня на судзе, менавіта ад аператыўнікаў падчас допыту ў ноч з 12 на 13 красавіка ён даведаўся шмат якія падрабязнасці. Напрыклад, пра капсулы, якімі Канавалаў нібыта хацеў скарыстацца, каб скончыць жыццё самагубствам, якога колеру былі коркі на ёмістасцях у торбе Канавалава і якою папераю яны былі прыкрытыя, пра радыёпрылады і пра тое, што ў Канавалава раптам узялі адбіткі пальцаў.

“Там была цэлая імпрэза, цырк. Зачытвалі артыкулы 289 і 406 Крымінальнага кодэксу і прапаноўвалі параўнаць пакаранне <…> Размова была даволі жорсткая… Сказалі, чым больш скажу, тым лепш будзе для мяне. Ніхто не паверыць, што я нічога не ведаў”, – растлумачыў абвінавачаны суду свае дзеянні на папярэднім следстве.

***
Паводле папярэдняга пратаколу допыту Кавалёва, Канавалаў казаў пра планы здзейсніць выбух у метро адразу пасля сканчэння службы ў войску. Як гаворыцца ў запісе допыту, ад большай часткі якога Кавалёў адмовіўся, заяўляючы пра ціск з боку следства, ён даведаўся пра намеры Канавалава, «напэўна, пасля войска». «Ён сказаў, што ў яго задума выбух у метро здзейсніць. Але не на станцыі, а ў вагоне. Для гэтага ён нават скраў некаторыя прадметы з вайсковай часткі, у якой служыў», – заяўляў раней Кавалёў.

Робяцца вядомымі новыя дэталі наконт выбуховага прыстасавання. Кавалёў заявіў на допыце, што рэчыва, выкарыстанае ў тэракце ў метро, было іншым, чымся ў папярэдніх злачынствах Канавалава. Ён лічыць, што яно было сабранае ў сутарэннях дома меркаванага тэрарыста ў Віцебску.

***
На сённяшнім паседжанні высветлілася, што Кавалёў вёў дзённік. Ён распавёў, што хацеў за пяць-шэсць гадоў зарабіць мільён долараў. Дзеля гэтага ён планаваў стварыць сваю справу – вывучаў фондавы рынак. Да дасягнення мэты рыхтаваўся і псіхалагічна: вывучаў працы псіхолагаў пра тое, як кіраваць сабою. На пытанне суддзі Аляксандра Федарцова, ці атрымалася выпрацаваць псіхалагічную трываласць, Кавалёў адказаў: “Часткова”.

Мяркуючы з матэрыялаў допыту з адвакатам 13 красавіка, Кавалёў “быў абсалютна ўпэўнены, што тэракт у метро здзейсніў Канавалаў”. Паводле ягоных словаў, у гэтым няма сумневаў – і пра гэта яму сам Канавалаў распавёў 12 красавіка. Тады ж Канавалаў распавёў, як праносіў торбу паўз міліцыянта на нейкай станцыі метро.

Паводле Кавалёва, ён шкадуе пра тое, што адбылося. На пытанне, ці асуджае ён учынак Канавалава, Кавалёў адказаў: “Так, напэўна”. На тым допыце Кавалёў таксама распавёў, што пераконваў Канавалава не хадзіць у метро, і той нібыта адмовіўся ад такіх намераў. Але, як вынікае з паказанняў Кавалёва, Канавалаў пакінуў кватэру, калі ён спаў. Кавалёў прачнуўся ад смеху Канавалава, які вярнуўся, і Яны Пачыцкай, якая была ў кватэры.

З таго ж допыту вынікала, што Кавалёў ведаў пра намер Канавалава здзейсніць выбух у метро – але не ведаў, на якой станцыі. Навошта Канавалаву гэты тэракт, ён не тлумачыў. Незадаволенасці жыццём, уладамі Канавалаў не выказваў, палітыкаю не займаўся.

belsat.eu

Стужка навінаў