Будоўля жытла: менш за 50% ад планаў


У студзені—жніўні 2011 года ў Беларусі ўведзена ў строй 3 млн. 168,9 тыс. кв. метраў жылля, ці 42,3% да гадавога задання (7,5 млн. кв. м), паведамляе Белстат.

У параўнанні з такім жа перыядам 2010 года ў эксплуатацыю здадзена на 522,6 тыс. кв. м жылля менш (на 14,2% менш). Скарачэнне аб’ёмаў уводу жылля зафіксавана ва ўсіх абласцях краіны і Менску.

У Берасцейскай вобласці ўведзена ў эксплуатацыю 570,1 тыс. кв. м (46,4% гадавога задання), Віцебскай — 281,7 тыс. (33,9%), Гомельскай — 477,7 тыс. (43,9%), Гарадзенскай — 427,2 тыс. (45%), Менскай — 685,3 тыс. (50,8%), Магілёўскай — 296,8 тыс. (34,9%). У Менску ўведзена ў эксплуатацыю 430,1 тыс. кв. м, што склала 35,8% да задання (1 млн. 200 тыс. кв. м).

Для грамадзянаў, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, у студзені—ліпені ўведзена ў эксплуатацыю 2 млн. 59,6 тыс. кв. м агульнай плошчы, у тым ліку ў шматкватэрных дамах у гарадах — 1 млн. 518,8 тыс. кв. м. Удзельная вага жылля, пабудаванага для гэтай катэгорыі грамадзян у шматкватэрных дамах у гарадах, склала 89,8% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля пры заданні на год 80%.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 817,3 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, ці 25,8% агульнага ўводу па краіне (у студзені—жніўні 2010 года — 27,1%).

На будаўніцтва жылых дамоў за восем месяцаў выкарыстана 9 трлн. рублёў інвестыцый, што складае 19,9% да іх агульнага аб’ёму. На будаўніцтва аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры да раёнаў жылой забудовы выкарыстана 2 трлн. рублёў інвестыцый у асноўны капітал, ці 45,4% да прадугледжанага аб’ёму на 2011 год.

belsat.eu

Стужка навінаў