Сяргей Сацук у «Гарачым каментары»


Адзін з абвінавачаных у выбуху ў менскім метро заявіў пра ціск з боку праваахоўнікаў падчас следства – ды адмовіўся ад ранейшых паказанняў.

У другі дзень судовага працэсу над фігурантамі справы аб тэрарызме меркаваны саўдзельнік, Уладзіслаў Кавалёў, не верыць у тое, што ягоны сябар Дзмітрый Канавалаў мог здзейсніць злачынства 11 красавіка. Між тым зала паседжанняў у адрозненне ад першага дня была паўпустая. І дагэтуль вялікая частка пацярпелых у выніку выбуху не атрымала поўнай дапамогі ды кампенсацыі.

Паводле следчага журналіста Сяргея Сацука, абвінавачанне правяло выдатную працу: “Улічаная кожная дробязь, у мяне няма ніякіх сумневаў, што на лаве падсудных менавіта тыя людзі, што здзейснілі тэракт у менскім метро. Вельмі дакладна прасочваецца, што ад 14-гадовага веку Канавалаў і Кавалёў пачалі захапляцца выбуховымі прыладамі, – і ў выніку дараслі да тэрарыстаў”.

Каментуючы заяву Кавалёва пра тое, што на яго аказвалі ціск падчас следства, журналіст кажа, што падсудны папросту не ведае, што такое “псіхалагічны ціск”. “Само затрыманне паводле абвінавачання ў здзяйсненні масавага забойства – гэта ціск. Дзевяноста адсоткаў абвінавачаных кажуць пра ціск падчас следства. Гэта стандартны рух з боку Кавалёва – каб зменшыць ступень сваёй віны. Ён намагаецца толькі ў нейкіх дробязях зменшыць будучы прысуд”, – упэўнены Сяргей Сацук.

Усё гэта добра, але позна. Высокая якасць следства і доказнай базы не апраўдвае праваахоўных органаў. Паводле следчага журналіста, яшчэ ў 2005 г., пасля першых сур’ёзных выбухаў у Віцебску, Кавалёў і Канавалаў мусілі быць затрыманыя. Тое, што яны нарэшце апынуліся на лаве падсудных, каштавала жыццяў 15 асобаў.

belsat.eu

Стужка навінаў