Лукашэнка нечакана ўспомніў пра Мядзведзева


Упершыню за апошнія два гады беларускі прэзідэнт павіншаваў расейскага калегу з днём народзінаў. Раней Аляксандр Лукашэнка не быў такі зычлівы – нават праігнараваў леташні 45-гадовы юбілей расейскага лідара. На мове дыпламатыі не павіншаваць кіраўніка іншай краіны – гэта прадэманстраваць усяму свету стан не толькі міждзяржаўных, але і міжасабовых дачыненняў, зазначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Лукашэнка пажадаў Мядзведзеву моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у адказнай шматграннай дзейнасці дзеля Расеі. “Перакананы, што нашая канструктыўная супраца ў шырокім спектры пытанняў будзе і надалей садзейнічаць рэалізацыі планаў у развіцці інтэграцыйных працэсаў дзеля інтарэсаў народаў Беларусі і Расеі”, – гаворыцца ў віншаванні.

Але, як зазначае эксперт, сённяшняе віншаванне не сведчыць пра тое, што паміж краінамі пацяплелі дачыненні. “Аляксандр Лукашэнка – чалавек настрою. Магчыма, ягоны добры настрой супаў з народзінамі Дзмітрыя Мядзведзева. А, магчыма, паўплывала і тое, што “Сбербанк” Расеі выдзеліў Беларусі грошы. Вунь, Міжнародны валютны фонд магчымасць атрымання крэдытаў ставіць у залежнасць ад розных, у тым ліку і палітычных умоваў. А тут без усялякіх акалічнасцяў – і адразу 1 мільярд долараў. Калі кожная валютная капейчына на ўліку, такія прыцёкі могуць падняць настрой”, – гаворыць Раман Якаўлеўскі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары