Уладзімір Някляеў: Чаму вы гэта робіце, спадарыня Грыбаўскайце?


https://youtu.be/bLmCq7DNC0Y
“Спадарыня Грыбаўскайце забівае клін не толькі паміж Літвою і Беларуссю, але і паміж беларускаю апазіцыяй ды Еўразвязам, паміж тымі краінамі, што ёй рэальна дапамагаюць. Вось тут я мушу задацца пытаннем: чаму вы гэты робіце, спадарыня Грыбаўскайце?” – заявіў экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

У інтэрв’ю Нацыянальнаму радыё прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце скрытыкавала беларускую апазіцыю. “Частку з дзевяці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах, фінансаваў і падтрымліваў Крэмль… Калі гутарым ці слухаем, як размаўляюць некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, то найчасцей не чуем, што іхныя прыярытэт і мэта – незалежная Беларусь. Часцей за ўсё чуем, што трэба больш грошай, і што Расея, у прынцыпе, – сябар”, – заявіла кіраўнічка суседняе дзяржавы.

“На жаль, спадарыня Грыбаўскайце не была ў Літве ў тыя часы, калі Літва змагалася за незалежнасць. Яна б ведала, што грошы на гэтае змаганне ішлі з-за мяжы – баяліся самыя літоўцы даць на гэта грошы, – гаворыць Уладзімір Някляеў. – Мы спрабавалі выйсці з-пад некаторай залежнасці ад фінансавання з-за мяжы. Але не выходзіць. Бо тое, што могуць даць людзі, якія не баяцца помсты рэжыму, – гэта капейкі”.

Палітык падкрэсліў, што дзяржава сочыць за бізнесам, і, на ягоную думку, падтрыманне апазіцыі можа быць небяспечнае. “Не павярнуцца, не адвярнуцца, не зрабіць ім ні крок налева, ні крок направа – вось прычына, чаму мы вымушаныя звяртацца па замежную дапамогу. Усе гэта разумеюць, але вось спадарыня Даля Грыбаўскайце – чамусьці не”, – дадаў палітык.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары