Памежныя службы Расеі затрымалі Анатоля Лябедзьку (дапоўнена)


Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, затрыманы 13 верасня ў маскоўскім аэрапорце Дамадзедава, вылецеў з Масквы ў Вашынгтон. Гэта стала вядома ад расійскага палітыка Леаніда Гозмана, якому Лябедзька расказаў: расейскія памежнікі дазволілі яму падняцца на борт самалёта, што вылятае ў сталіцу ЗША

Як паведаміла “Белсату” Ганна Красуліна, з тэлефоннага нумару Анатоля Лябедзькі прыйшла СМС-ка: “Усё нармальна”. “Пакуль мы не ведаем, ці сам ён даслаў гэтае паведамленне, бо сувязь па-ранейшаму адсутнічае. Тут адно з двух: ці Анатоль Лябедзька сапраўды сеў у самалёт, таму і няма сувязі, ці нехта скарыстаўся ягоным тэлефонам”, – гаворыць прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Цяпер калегі палітыка ў Маскве імкнуцца высветліць паводле спісаў тых, хто вылецеў рэйсам Масква – Вашынгтон, ці сапраўды Анатоль Лябедзька на борце самалёту.

Палітыка затрымалі ў аэрапорце “Дамадзедава”. Прычынаў інцыдэнту расейскі бок не каментуе. “Сувязі з Анатолем Лябедзькам пакуль няма. Нам толькі вядома, што пра сваё затрыманне палітык паспеў паведаміць былому сустаршыню расейскай партыі “Правое дело” Леаніду Гозману”, – паінфармавала раней “Белсат” прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна.

Расейскі бок ад афіцыйных каментароў адмаўляецца. Крыніца ў памежнай службе Федэральнай службы бяспекі Расеі між тым паведаміла расейскаму інфармацыйнаму агенцтву “Інтэрфакс”, што памежная служба не прапускае тых асобаў, якім з тых ці іншых прычынаў уезд у краіну забаронены выканаўчым органам улады. Аднак, як гаворыць Ганна Красуліна, згодна з іхнаю інфармацыяй, у спісах неўязных у Расею Анатоля Лябедзькі няма. Дый крымінальны пераслед Лябедзькі ў Беларусі паводле справы 19 снежня быў спынены на распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі яшчэ напрыканцы жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў