Класкоўскі: Для ўводу расейскіх войскаў не патрэбная АДКБ


На крытычную ў адносінах да выказванняў Аляксандра Лукашэнкі пра АДКБ публікацыю ў расейскай газеце “Известия” адрэагаваў памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька.

Ён заявіў, што пазіцыі Расеі ды Беларусі адносна магчымасці выкарыстання патэнцыялу АДКБ для ўпярэджання канстытуцыйных пераваротаў у краінах – удзельніцах арганізацыі не адрозніваюцца. Ягоныя словы прыводзіць “РИА Новости”.

“Разважанні з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, што з’явіліся па выніках ягоных ацэнак дзейнасці АДКБ, не адпавядаюць рэчаіснасці. Ён выступаў у гэтай частцы з пазіцыяў, узгодненых з расейскім бокам. У нас ёсць, як і ў іх, напэўна, некаторыя крытычныя ацэнкі [на адрас адзін аднаго], але супольная дзейнасць у АДКБ – не той выпадак”, – сказаў Прыходзька.

Ён адзначыў, што прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў таксама “задаволены характарам і танальнасцю абмеркавання найболей вострых пытанняў двухбаковай супрацы”, якое адбылося падчас нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў у Сочы.

Раней расейскай газеце “Известия” крыніца ў Крамлі заявіла, што Аляксандр Лукашэнка “выкарыстаў у сваіх мэтах і вульгарызаваў” ідэю дапамогі з боку АДКБ. Мелася на ўвазе ягонае выказванне падчас сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам 30 жніўня ў Менску. Лукашэнка заявіў, што краіны АДКБ узгадняюць пазіцыі што да ўжывання Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР) для ўпярэджання дзяржаўных пераваротаў.

У сваю чаргу, Бардзюжа заявіў газеце “Известия”, што выкарыстанне патэнцыялу АДКБ для абароны канстытуцыйнага ладу краінаў-удзельніц магчыма, калі нацыянальныя сілы не ў стане даць рады са становішчам. “Тое, што адбылося ў снежні 2010 г. у Менску, – гэта ўнутраная справа дзяржавы”, – сказаў Бардзюжа.

Як заўважыў “Известиям” дарадца расейскай амбасады ў Беларусі Уладзімір Марчук, у Лукашэнкі дастаткова сілаў беларускага войска, каб перадухіліць любую “арабскую вясну”, а ягоная заява адносна АДКБ – усяго толькі прапагандысцкі выкрут, каб “паказаць важнасць Беларусі ды міжнароднае значэнне яе лідара”. Аднак нягледзячы на палітычны лад у Менску, краіна застаецца саюзнікам Масквы. “Які б Лукашэнка ні быў, з ім давядзецца лічыцца”, – кажа крыніца газеты “Известия” ў Крамлі, дадаючы, што Міністэрства замежных справаў Расеі атрымала ўказанне ад кіраўніцтва краіны ўвесь час “мачаць улады Беларусі”.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што згаданая публікацыя – сведчанне таго, што Масква не спыняе інфармацыйнай вайны супраць кіраўніка Беларусі. Выказванне ж апошняга магло быць рэверансам у бок Расеі і датычыць Цэнтральнай Азіі, з боку якой пасля сыходу ЗША з Афганістану Масква баіцца талібскай пагрозы.

“Насамрэч, я думаю, Лукашэнка баіцца патэнцыйнай прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі, бо гэта можа атрымацца адпаведна з выслоўем “пусці казла ў гарод”, – тлумачыць палітолаг. – Па-першае, паміж Расеяй і Беларуссю ёсць дамовы ў вайсковай сферы, і дастаткова даць адмашку – тут расейскія войскі будуць адразу, дзеля гэтага не патрэбная структура АДКБ. Па-другое, Лукашэнка на сёння ўпэўнены, што ён кантралюе сітуацыю, сілавікі на ягоным баку”.

На думку Класкоўскага, калі ўявіць сітуацыю, што сілавікі адмовіліся падтрымліваць Лукашэнку, дык увод расейскіх войскаў толькі паскорыць гэтае падзенне, і кіраўнік Беларусі гэта выдатна разумее.

belsat.eu

Стужка навінаў