Аляксандр Пуціла ў “Гарачым каментары”


Амаль увесь асноўны склад вядомага расейскага хакейнага клубу “Лакаматыў” (Яраслаўль) загінуў у авіякатастрофе. Клуб кіраваўся ў Беларусь на матч з менскім “Дынама”. У заяўцы “Лакаматыву” значыліся імёны двух нашых суайчыннікаў: Руслана Салея і Сяргея Астапчука.

Як стала вядома праз “гарачую лінію” МНС Расеі, абодва беларускія хакеісты былі на борце самалёта.

Паводле спартовага аглядальніка “Белсату”, Руслан Салей паведаміў у адным з інтэрв’ю, што хоча пазнаёміць у Менску Сяргея Астапчука з КАры ХЭйкіля (Kari Heikkilä), галоўным трэнерам беларускай хакейнай зборнай. Сяргей вельмі хацеў гуляць за Беларусь. Сам жа Руслан быў легендаю беларускага хакею.

“Тут можна шмат казаць: ён гуляў за зборную Беларусі, выступаў на алімпіядах, чэмпіянатах свету, але ўсюды падкрэсліваецца, што Руслан быў вялікім сем’янінам: у 2005 годзе ён не паехаў на чэмпіянат свету ў Вену, бо тады ў яго нарадзілася дачка. У 2007 з той жа прычыны не паехаў у Маскву на чэмпіянат свету – тады нарадзіўся ягоны сын. У ім ніколі не было ніякай зорнасці – з ім заўсёды можна было спакойна паразмаўляць. Шкада, што ён абраў гэты клуб. Руслан заўсёды сумаваў па NHL і хацеў заваяваць там кубак Стэнлі”, – згадвае спадар Пуціла.

Паводле былога пілота, камандзіра самалёта Віктара Масаловіча, найбольш імавернаю прычынай аварыі была адмова сістэмаў ЯК-42. “Самалёт не набраў вышыні. Маяк, з якім ён сутыкнуўся, стаіць на адлегласці 800–1000 метраў ад канца лётнішча. Я не лічу, што гэта віна пілотаў, – на гэты момант самалёт ужо мусіў быць даволі высока. Гэтыя самалёты не былі папулярныя ў грамадзянскай авіяцыі. Вельмі нязначная лічба эксплуатавалася, і ў іх вельмі шмат паломак тэхнічных было. Але самалёт гэты не стары – 1993 год выпуску”, – кажа спадар Масаловіч.

Вядома, што на гульню прадалі 11 тысяч білетаў. “Усе чакалі не толькі на “Лакаматыў”, гэта прынцыповае супрацьстаянне, бо менавіта “Лакаматыў” выкінуў менскае “Дынама” ў ¼ фіналу кубка Гагарына”, – кажа спартовы аглядальнік “Белсату” Аляксандр Пуціла.

belsat.eu

Стужка навінаў