Вадзім Гігін упарта просіцца ў Еўропу


З ягонай ініцыятывы праўладны Саюз журналістаў паўторна звярнуўся ў АБСЕ ў справе неўязных журналістаў.

Старшыня Беларускага саюзу журналістаў і галоўны рэдактар газеты “Рэспубліка” Анатоль Лемяшонак патлумачыў, што “зварот звязаны з абаронаю правоў журналістаў, супраць якіх былі ўведзеныя неабгрунтаваныя санкцыі з боку Еўразвязу. Мы ўжо накіроўвалі падобны ліст у сакавіку, але ніякага адказу не атрымалі. Спадзяемся, што падобнае маўчанне выкліканае бюракратычнымі затрымкамі з боку АБСЕ, а не перадузятаю пазіцыяй”.

Асноўны ініцыятар зваротаў – намеснік Анатоля Лемяшонка, рэдактар часопісу “Беларуская думка” Вадзім Гігін, які называе сябе палітолагам і блогерам. Часопіс, дарэчы, належыць Адміністрацыі прэзідэнта, а блог Гігін вядзе на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Спадар Гігін мяркуе, што АБСЕ займае непразрыстую і перадузятую пазіцыю адносна тых падзеяў у нашай краіне. “Арганізацыя дзее ў інтарэсах тых сілаў, якія зацікаўленыя ў аказанні ціску на грамадзянскую супольнасць Беларусі. Гэтым ціскам і тлумачыцца ўвядзенне санкцыяў супраць беларускіх журналістаў і стварэнне чорнага спісу. Гэта жорсткая рэакцыя на інфармацыю і меркаванні, якія разыходзяцца з пазіцыяй кіраўніцтва ЕЗ. Але пра якую свабоду слова тады можна казаць?” – абураецца спадар Гігін.

У свой час менавіта Вадзім Гігін быў прыхільнікам закрыцця офісу АБСЕ ў Менску. У снежні 2010 г. ён заяўляў: “У Беларусі няма неабходнасці ў тым, каб місія ў нас працавала, бо не зусім зразумелая яе мэта. Да таго ж у гісторыі місіі АБСЕ ў Менску ёсць і негатыўны досвед, гэтага не трэба хаваць. Не ўсё было станоўчым у дзейнасці. На жаль, у шэрагу момантаў офіс браў на сябе функцыі, не закладзеныя ў місіі, не ўласцівыя арганізацыі: палітычная замова на выніковыя даследаванні”. Але сёння менавіта ад АБСЕ Гігін хоча атрымаць адмены візавых санкцыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў