Вусу адпомсцілі за адмову пісаць прашэнне аб памілаванні


Доўгатэрміновае спатканне з жонкаю скарацілі да аднаго дня.

Яўгенія Вус збіралася паехаць у выпраўленчую калонію ў Магілёве, дзе трымаюць ейнага мужа, 5 верасня. “Раней планавалася, што спатканне будзе з 5 да 7 верасня. Аднак учора Дзмітрый патэлефанаваў з турмы і паведаміў, што спатканне скарочанае да аднаго дня. Ён сказаў, што яму прапаноўвалі напісаць ліст аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён гэта зрабіць адмовіўся. Як вынік, начальнік калоніі пазбавіў яго доўгатэрміновага спаткання і замяніў яго на аднадзённае 8 верасня”, – распавяла жонка Вуса.

Таксама яна паведаміла, што на пазамінулым тыдні выслала мужу бандэроль з неабходнымі медпрэпаратамі. “Дзмітрый пацвердзіў, што такая бандэроль калоніяй атрыманая, аднак лекаў з яе яму не выдаюць, нягледзячы на тое, што ўсе лекі былі выпісаныя турэмным доктарам”, – адзначыла Яўгенія.

Яна расцэньвае гэта як ціск на былога кандыдата на прэзідэнта – каб прымусіць яго напісаць прашэнне аб памілаванні.

Нягледзячы на гэта, адзначыла Яўгенія, Дзмітрый Вус пачуваецца лепш, бо “ўжо адаптаваўся да ўмоваў калоніі”.

Дзмітрый Вус быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 снежня 2010 г. 26 траўня суд Ленінскага раёну сталіцы прысудзіў яго да пяці з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў вырак без зменаў.

belsat.eu

Стужка навінаў