Чаму беларусы не пратэстуюць?


“Цяпер у грамадстве дамінуе стратэгія выжывання, людзі імкнуцца прыстасавацца да бягучай сітуацыі, яна ўспрымаецца як працяглая. Гэта азначае, што паляпшаецца сітуацыя для тых, хто заклікае да пратэстаў, але стратэгічна яна не змяняецца”, – мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў.

“Гвалтоўныя механізмы, што ёсць у руках дзяржавы, дазваляюць здушыць любыя пратэсты, і фактар страху на гэта ўплывае, – гаворыць палітолаг. – Людзі гатовыя да пратэстаў, але трэба гэта разумець такім чынам: “Мы з сімпатыяй ставімся да тых, хто выходзіць на палітычныя акцыі, на палітычныя акцыі супраць падвышэння коштаў на паліва. Самыя выйсці пакуль не гатовыя, бо ў нас праца, нам трэба карміць дзяцей”.

Акрамя таго, уладам Беларусі ўдаецца пазбегнуць значных скарачэнняў на дзяржпрадпрыемствах ды ўтрымаць беспрацоўе на адносна невысокім узроўні, хоць і заробкі ў сувязі з дэвальвацыяй фактычна знізіліся больш як напалову. “Гэта той фактар, які найбольш уплывае на гатоўнасць людзей да пратэстаў, чым рост коштаў ці збядненне”, – падкрэсліў Юрый Чавусаў.

Палітолаг папярэджвае, што беларуская дэмакратычная апазіцыя на фоне росту колькасці незадаволеных можа трапіць у пастку, калі пойдзе шляхам папулізму. “Абяцанні падвысіць заробкі могуць загнаць апазіцыю ў рэчышча палітыкаў, якія толькі выяўляюць інтарэсы, але рэальна за ўладу не змагаюцца”, – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў