Школу, дзе вучыўся Макей, закрылі


Некрашэвіцкую базавую школу прызналі “незапатрабаванай”.

У афіцыйнай біяграфіі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея пазначана, што ён нарадзіўся ў Карэліцкім раёне Гарадзенскай вобласці. І доўгі час было невядома, у якой жа вёсцы прайшло ягонае дзяцінства. Як высветліў “Белсат”, радзіма спадара Макея – вёска Некрашэвічы, якая цяпер належыць да Турэцкага сельскага савету. Тут па-ранейшаму жывуць ягоныя сваякі – родная і стрыечная цёткі.

З сярэдзіны мінулага стагоддзя ў Некрашэвічах працавала базавая школа – аднапавярховы будынак у цэнтры вёскі. Паводле былой дырэктаркі Алены Чамэрыс, дзякуючы намаганням былога вучня-чыноўніка ў школе зрабілі рамонт: пафарбавалі фасад, абнавілі тэхнічную базу.

Дарэчы, у гэтай самай школе таксама навучаўся міністр падаткаў Уладзімір Палуян, ён на тры гады маладзейшы за Макея. Іхныя фотаздымкі былі на стэндзе “Вядомыя вучні нашай школы”.У прыёмнай Турэцкага сельскага савету паведамілі наступнае: “Школа ў Некрашэвічах закрытая, і ніколі яе ўжо не адкрыюць. У вёсцы засталося зусім мала дзяцей, іх перавялі ў Турэц – тут школа большая”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, летась 40 вясковых школаў вырашылі закрыць, а сёлета яшчэ 65. Са словаў намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарына, прычына – дэмаграфічная яма і актыўная ўрбанізацыя.

Улады лічаць, што сітуацыя мусіць выправіцца да 2015 г. “Калі дзеці і бацькі выказваюць жаданне заставацца ў вясковай школе ці садку, мы ніколі не закрываем такія ўстановы. Але калі дзяцей у вёсцы засталося зусім мала, то дзяржаве танней арганізаваць іх перавоз у суседнюю вёску, дзе больш дзяцей, чым утрымліваць педагагічны калектыў і падтрымліваць школу матэрыяльна. Тым больш, вельмі часта транспартныя выдаткі на сябе бяруць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы”, – адзначыў чыноўнік.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары