Лукашэнка – апазіцыі: Наша сіла ў адзінстве (Дадалося відэа)


Шлях санкцыяў – бесперспектыўны, заявіў кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае прадстаўнікам усіх палітычных лагераў сесці за круглы стол, каб выпрацаваць захады для паляпшэння сітуацыі ў краіне.

«Я як кіраўнік дзяржавы прапаноўваю ўсім разумным і тым, хто любіць сваю краіну, людзям, да якога б палітычнага лагеру яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня ў Менску на нарадзе педагагічнага актыву Беларусі. Ягоныя словы прыводзіць агенцтва «Интерфакс-Запад».

Паводле прэзідэнта, «для паспяховага, дынамічнага развіцця краіны патрэбныя не рэвалюцыя і не вулічная анархія, а згуртаванасць усіх грамадзянаў, незалежна ад поглядаў і перакананняў, нацэленасць на канструктыўную супрацу». «Наша сіла ў адзінстве. І будучыню Беларусі трэба вырашаць не на плошчах і барыкадах, а шляхам дыялогу, нармальнай чалавечай размовы», – дадаў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка прапанаваў Еўрапейскаму Звязу, «іншым еўрапейскім і міжнародным структурам», а таксама Расеі накіраваць на круглы стол сваіх прадстаўнікоў. Ён падкрэсліў, што шлях санкцыяў у адносінах да Беларусі бесперспектыўны. «Давайце размаўляць, і мы прыйдзем да ўзаемаразумення», – пераконваў кіраўнік краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў