Улады адмаўляюцца вызваліць Бяляцкага


Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў (УДФР) Камітэта дзяржкантролю па Мінскай вобласці і Мінску не задаволіла хадайніцтва віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава з асабістым паручальніцтвам аб вызваленні Алеся Бяляцкага.

Пастанову аб адхіленні хадайніцтва падпісала следчы аддзела папярэдняга расследавання УДФР Таццяна Касынкіна, паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org. Гэтае рашэнне яна матывуе тым, што падстаў для змянення меры стрымання Бяляцкаму няма. Чаму — у пастанове не тлумачыцца.

Павел Левінаў лічыць гэта парушэннем часткі 3 артыкула 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, згодна з якой у выпадку адмовы ў задавальненні хадайніцтва орган, які вядзе крымінальны працэс, павінен матываваць сваё рашэнне. Віцебскі праваабаронца мае намер абскардзіць гэтую пастанову ў пракуратуры або праз суд.

Як паведамлялася раней, за вызваленне Алеся Бяляцкага пададзена ўвогуле каля 600 хадайніцтваў беларускіх грамадзянаў і аўтарытэтных замежных дзеячаў. Усе яны ручаюцца, што арыштаваны праваабаронца не будзе спрабаваць скрыцца ад следства ў выпадку вызвалення з-пад варты.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Менску увечары 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненні да затрыманага абралі меру стрымання ў выглядзе зняволення пад варту. 12 жніўня праваабаронцу прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 243 частцы 2 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры) і працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі рэзананс. Вызвалення праваабаронцы запатрабавалі кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і іншых дзяржаў, міжнародныя праваабарончыя структуры, вядомыя грамадскія дзеячы і палітыкі.

belsat.eu

Стужка навінаў