«За адсутнасцю складу злачынства»


Спынены крымінальны пераслед Наталлі Радзінай у межах справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г.

У артыкуле «Татальны распродаж палітзняволеных», які з’явіўся на сайце charter97.org у ноч на 26 жніўня, журналістка паведаміла, што датаваны 23 жніўня дакумент са Следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менгарвыканкаму прынеслі яе бацькам у Кобрын.

«Паведамляем вам, што па крымінальнай справе № 1001110362, распачатай 20 снежня 2010 года паводле артыкулу 293 КК па факце ўчынення масавых беспарадкаў, крымінальны пераслед у дачыненні Радзінай Н.В. пастановай ад 23 жніўня 2011 года спынены ў звязку з адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства. Пастанова аб спыненні крымінальнага расследавання можа быць абскарджаная пракурору Менску. Старэйшы следчы СУ ПР УУС Менгарвыканкаму капітан міліцыі Д.В. Дышчанка», – гаворыцца ў лісце.

Да гэтага дакументу Радзіна паставілася скептычна: «Дзякуй, капітан Дышчанка. Пачуўшы па тэлефоне ад мамы гэты тэкст, я на радасцях гатовая была бегчы да беларускай мяжы. Але своечасова ўспомніла, што пасля паўтара месяца ў турме вашы калегі з МУС і КДБ не вярнулі мне пашпарт – родныя памежнікі могуць і не прызнаць. А потым патэлефанавалі юрысты і ахаладзілі мой запал».

Паводле юрыстаў, піша Радзіна, спыненне крымінальнай справы паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) не азначае адсутнасці крымінальнай справы паводле арт. 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак). «Як вядома, супраць Дзмітрыя Бандарэнкі, Ірыны Халіп, Анастасіі Палажанкі, Уладзіміра Някляева, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Віталя Рымашэўскага, Сяргея Вазняка, Паўла Севярынца, Сяргея Марцалева справу за «масавыя беспарадкі» таксама спынілі, але потым распачалі новую», – адзначае рэдактарка сайту.

Бандарэнка «сёння рызыкуе стаць інвалідам у Магілёўскай калоніі, Севярынец грузіць скрыні на «хіміі», а ўсе астатнія атрымалі ўмоўныя або з адтэрмінаваннем тэрміны і знаходзяцца пад строгім наглядам і пастаянным прэсінгам з боку КДБ». «Аб адкрыцці ж новай крымінальнай справы, сказала мне адвакат, паведамляць ніхто не будзе. Прыедзеш – сама даведаешся», – піша ў сваім артыкуле Радзіна.

Журналістка заявіла, што мае «вельмі шмат пытанняў да ўладаў». У прыватнасці, ці спыненыя тры крымінальныя справы, распачатыя ў 2010 г. паводле факту публікацыяў на сайце charter97.org, хто прынясе прабачэнні ёй за збіванне падчас асвятлення акцыі 19 снежня, праведзеныя ў турме КДБ паўтара месяца ў камеры без прыбіральні, дзе яна «зімою спала на дошках на халоднай падлозе», начныя допыты, ціск, шантаж і пагрозы. «Можа, той самы палкоўнік КДБ, які гаварыў, што я выйду з турмы гадоў так праз пяць і не змагу ніколі мець дзяцей, бо канчаткова страчу там здароўе?» – пытае Радзіна.

Рэдактарка таксама цікавіцца, калі вернуць 19 камп’ютараў, канфіскаваных падчас вобшукаў у ейнай кватэры і рэдакцыі сайту charter97.org цягам 2010 г., колькі крымінальных справаў распачалі, пакуль яна працуе за мяжою, а таксама калі ў КДБ і МУС правядуць незалежнае расследаванне смерці заснавальніка сайту Алега Бябеніна.

«Пытанняў шмат – адказу, баюся, не будзе ад гэтых людзей і ад гэтых уладаў, – піша Радзіна. – Рэжым Лукашэнкі здыхае без грошай і гатовы прадаваць нас зноў і зноў Захаду».

З 20 снежня да 28 студзеня Радзіна ўтрымлівалася ў СІЗА КДБ, адкуль была адпушчаная пад падпіску аб нявыездзе. Да 30 сакавіка жыла ў бацькоў у Кобрыне, па месцы прапіскі, і працягвала займацца журналісцкаю дзейнасцю. Пасля выкліку ў менскі КДБ на 31 сакавіка з’ехала з Беларусі і 1 красавіка была ў Маскве. Там яна змагла атрымаць дакументы з дапамогай Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Расейскай Федэрацыі. 28 ліпеня Радзіна вылецела з расейскай сталіцы ў Амстэрдам, бо Нідэрланды былі першаю краінаю, якая аказала ёй падтрыманне як бежанцу па лініі ААН. Праз тыдзень яна пераехала ў Літву, дзе папрасіла палітычнага прытулку. У Вільні месціцца офіс сайту charter97.org.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары