«Міліцыянты разумеюць, што тут усё як пад павелічальным шклом»


Журналісты і паплечнікі наведалі Паўла Севярынца на «хіміі».

Асуджаны палітык пачаў працаваць рознарабочым на фермерскай гаспадарцы «Бардо». Тут ён працуе на складзе, дапамагае афармляць дакументы і грузіць тавары. «Працаваць уладкавалі фактычна прымусова – не далі знайсці працу ў горадзе. Усе, з кім я дамаўляўся, на наступны дзень адмаўляліся», – распавёў Павал Севярынец.

«Мы прыехалі да Паўла Севярынца з прадстаўнікамі кіраўніцтва берасцейскай абласной і гарадской арганізацыі, каб абмеркаваць партыйную працу і каб пракантраляваць, у якіх умовах ён адбывае пакаранне, – гаворыць Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». – Мясцовая калонія мусіць ведаць, хто тут сядзіць, і кіраўніцтва павінна ведаць. І, безумоўна, Паўла мы будзем падтрымліваць і сачыць, каб ён у больш-менш прыстойных умовах жыў».

Побытавыя ўмовы далёкія ад ідэалу, напрыклад, няма гарачай вады. Адміністрацыя дазваляе вязням раз на тыдзень выязджаць у горад у лазню. «Гэта былы вайсковы гарадок, таму тут з тых часоў засталася ўся інфраструктура. Вада жалезістая, жоўценькая, а ўсе будынкі, што месцяцца на гэтай тэрыторыі – былыя казармы, – гаворыць Павал Севярынец. – І міліцыянты, і на працы разумеюць, што тут усё як пад павелічальным шклом, пад увагаю прэсы, грамадскай супольнасці, таму паводзяць сябе асцярожна».

Павал Севярынец падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў кіраваў штабам кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага. Пасля падзеяў Плошчы суд Заводскага раёну Менску асудзіў яго паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яго прыгаварылі да трох гадоў «хіміі».

belsat.eu

Стужка навінаў