Раман Якаўлеўскі: Непрадказальнасць – адметнасць палітыкі Менску


Прэс-сакратар беларускага прэзідэнта Павел Лёгкі паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка сёння правёў у Сочы працоўную сустрэчу з прэзідэнтам Расеі.

Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі ўвесь комплекс беларуска-расейскіх адносінаў, праблемы ўзаемадзеяння ў рамках Мытнага саюзу, актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня ды інтэграцыйнае будаўніцтва на постсавецкай прасторы, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. Што прыкметна, расейскія медыя пра двухбаковую сустрэчу пакуль нічога не паведамляюць.

Калі сустрэча насамрэч адбылася, то на ёй найперш абмяркоўвалі пытанні продажу Расеі «Белтрангазу» і нядаўнюю заяву Менску пра замарожванне супрацы з ЗША ў справе вывазу ў Расею ўзбагачанага ядравага паліва, лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. «Гэта тая тэма, якую Менску нават і не варта было падымаць, каб шантажаваць Штаты. Яшчэ Віктар Чарнамырдзін у бытнасць прэм’ер-міністрам Расеі на незадаволенасць Лукашэнкі з хуткага вывазу ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі заўважыў: ні ў Маскве, ні ў Вашынгтоне жарты на ядравыя тэмы не разумеюць», – нагадвае Раман Якаўлеўскі.

Гэта практычна ставіць крыж на будаўніцтве Расеяй беларускай АЭС, бо непрадказальнасць у паводзінах афіцыйнага Менску прымушае падазраваць яго ў жаданні займець атамную станцыю «двайнога прызначэння», мяркуе аглядальнік. Ён не выключае, што заява пра замарожванне ядравай супрацы і была зробленая, каб прымусіць расейскі бок да сустрэчы, але тое, што пасля гэтага Расея займела новы «галаўны боль», – гэта факт, дадае эксперт.

«Непрадказальнасць – адметнасць афіцыйнага Менску. Яны лічаць, што тым самым яны займаюць значнае месца ў сусветнай палітыцы. А насамрэч усё ідзе на шкоду нацыянальным інтарэсам нашай краіны», – падсумаваў Раман Якаўлеўскі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары