Алкаголікі абскарджваюць прымусовае лячэнне ў ЛПП


Мяса і агародніны не даюць, не лечаць, за працу амаль не плацяць – скардзяцца тыя, хто пабываў у лячэбна-працоўным прафілакторыі.

Летась сто чалавек падалі скаргі ў Магілёўскі абласны суд, паведамляюць у магілёўскай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Суддзя Магілёўскага абласнога суда Аляксей Якаўлеў адзначае, што станоўчыя характарыстыкі з месца працы, а таксама добраахвотнае лячэнне хранічнай алкагольнай залежнасці, у тым ліку праз кадаванне, не ёсць перашкодаю для накіравання ў ЛПП.

“Прымусовае лячэнне прызначаюць грамадзянам, якія стаяць на ўліку ў медычных установах, а таксама мелі некалькі папярэджанняў ад працаўнікоў праваахоўных органаў. Здараецца нават, што сваякі ды суседзі просяць накіраваць грамадзяніна на прымусовае лячэнне”, – адзначае Аляксей Якаўлеў.

Нарколаг Расціслаў Кулевас патлумачыў, што адбываецца з кліентамі ў прафілакторыі: “Спалучаюць медычнае лячэнне і так званую працоўную тэрапію. Вельмі жорстка кантралюецца дысцыпліна, пацыентам не дазваляюць самастойна пакідаць межаў прафілакторыю. Сапраўды, мала людзей едзе добраахвотна, адсюль – нізкая эфектыўнасць такога лячэння. Бо самы галоўны складнік паспяховага лячэння – гэта жаданне самога пацыента”.

Дарэчы, калі пацыент працуе на тэрыторыі прафілакторыю, яму не выплачваюць заробку, гэта замацавана правіламі ўнутранага распарадку. А таму праваабаронцы настойваюць на тым, што накіраванне ў ЛПП мала чым адрозніваецца ад зняволення, а ўмовы ўтрымання часцяком можна ацаніць не іначай як катаванні ды бесчалавечнае стаўленне.

“Мы вывучалі ўмовы ўтрымання. Не прымальныя для жыцця будынкі, дзе ўзімку вельмі холадна, а ўлетку людзі не могуць трываць спёкі. Харчаванне таксама пакідае жадаць лепшага – мяса і гародніны не даюць. Акрамя таго, як сцвярджаюць самі “кліенты” ЛПП, ніякага лячэння ў гэтых установах не адбываецца, а прымусовая праца вельмі нізка аплачваецца”, – паведамілі ў праваабарончым цэнтры “Вясна”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары