«Аб правах вязняў распаведзяце ў калоніі»


У дачыненні жыхара Смаргоні Юрыя Лінгі, які расказаў праваабаронцам і журналістам пра жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў Глыбоцкай папраўчай калоніі № 13, распачалі адміністратыўную справу. Яго вінавацяць у парушэнні «правілаў прэвентыўнага нагляду», пад якім ён быў з моманту выхаду з Глыбоцкай калоніі.

Нагадаем, 1 жніўня ў Менску прайшла прэс-канферэнцыя, арганізаваная інфармацыйна-асветніцкай установай «Платформа», якая займаецца пытаннямі выканання заканадаўства ў папраўчых установах. У ёй узяў удзел Юрый Лінга, які нядаўна вызваліўся з Глыбоцкай калоніі, а таксама прысутнічалі маці двух зняволеных гэтай калоніі.

Юрый Лінга ў прыватнасці расказаў, што са збіццём сутыкнуўся практычна адразу пасля прыбыцця ў калонію ў жніўні 2010 г. Яго самога збілі без падставы і працяглы час не давалі лекаў, нягледзячы на тое што яны яму жыццёва неабходныя пасля аперацыі па выдаленні шчытападобнай залозы.

Паводле Лінгі, сёлета ў чэрвені зняволеныя запатрабавалі сустрэчы з генпракурорам Беларусі ў звязку з кепскімі ўмовамі ўтрымання ў калоніі. Сустрэча не адбылася, таму некаторыя яе ініцыятары абвесцілі галадоўку, пасля чаго іх жорстка збілі. Адзін з іх пасля гэтага ўскрыў сабе жывот, другі – ледзь не памёр ад страты крыві.

Маці зняволеных інфармацыю пра збіванні ў калоніі пацвердзілі.

Як паведаміў дырэктар арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка, адразу пасля вяртання ў Смаргонь Юрый Лінга зазнаў праблемы з міліцыяй: яму неаднаразова пагражалі «аж да арышту», папярэджваючы, што аб правах зняволеных ён будзе расказваць у калоніі.

12 жніўня Лінгу выклікалі ў Смаргонскі РАУС для тлумачэння наконт удзелу ў прэс-канферэнцыі ў Менску. Падчас сустрэчы супраць яго распачалі адміністратыўную справу. Паводле інфармацыі Бандарэнкі, Лінгу абвінавачваюць у парушэнні «правілаў прэвентыўнага нагляду», пад якім ён быў з моманту выхаду з Глыбоцкай калоніі. Згодна з правіламі, выязджаць за межы Смаргоні Лінга мае права толькі з дазволу міліцыі.

Як патлумачыў Бандарэнка, перад прэс-канферэнцыяй у Менску, якая была праанансаваная ў медыях, прадстаўнікі «Платформы» спрабавалі атрымаць такі дазвол для Юрыя. «Я асабіста звязваўся з кіраўніцтвам РАУС, але яны цягнулі з адказам, сцвярджалі, што не атрымлівалі факсу, хаця пазней прызналіся, што ён усё-такі быў атрыманы. Мабыць, нейкім чынам яны вылічылі, што Юрый можа ўдзельнічаць у заяўленай прэс-канферэнцыі, і стараліся гэтага не дапусціць», – адзначыў Бандарэнка. У выніку Лінга паехаў у Менск без дазволу, каб не зрываць прэс-канферэнцыі. Дырэктар «Платформы» таксама паведаміў, што адміністратыўная справа Лінгі ўжо накіраваная ў суд.

«Мы меркавалі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць запужваць сведак катаванняў замест таго, каб разбірацца з тым жахам, які чыніцца ў Глыбоцкай калоніі. Юрый зрабіў мужны ўчынак, і цяпер яму патрэбнае нашае падтрыманне», – заявіў праваабаронца.

Трэба адзначыць, што ў МУС факт галадоўкі зняволеных у Глыбоцкай калоніі абверглі, як і інфармацыю пра збіванне вязняў.

У Генеральнай пракуратуры, у сваю чаргу, заявілі пра намер вывучыць сітуацыю ў калоніі № 13.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары