Гульня палітвязнямі


https://youtu.be/aEkdgiQXOmw
Сталі вядомыя прозвішчы некаторых асуджаных за падзеі на пл. Незалежнасці 19 снежня мінулага года, якіх памілаваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Усе яны адбывалі пакаранне ў Бабруйскай калоніі. Сярод іх Зміцер Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў, Андрэй Пратасеня. Верагодна, што сярод памілаваных таксама Уладзімір Лобан і Аляксандр Класкоўскі. Інфармацыя пра апошніх ўдакладняецца.

Рашэнне аб памілаванні прынятае на падставе просьбаў асобаў – з улікам таго, што яны асэнсавалі супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў, прызналі віну і шчыра пакаяліся.

Паводле палітолага Алеся Лагвінца, гэта выразны сігнал Захаду, што Лукашэнка гатовы да дыялогу, і адначасова сігнал грамадству і апазіцыі, што рэжым здольны дамінаваць і гатовы маральна ламаць людзей. “Гэта паказвае і прыклад Алеся Бяляцкага – рэжым працягвае кропкавыя рэпрэсіі. Такім чынам, я лічу, што нельга казаць пра палітычную лібералізацыю: гэта проста гульня, адрасаваная Захаду і частцы грамадства. Адначасова тое, што несправядліва асуджаныя людзі выходзяць на свабоду, вельмі добра”.

Эксперт лічыць, што калі Лукашэнка і надалей будзе выпускаць палітвязняў, Захад не будзе мець іншага выйсця, акрамя як даваць магчымасці для наступнага дыялогу.

“Цяпер стаіць пытанне пра лёс краіны, пра лёс 9 мільёнаў беларусаў, і каб памяняць сітуацыю, трэба мець больш кантактаў з Беларуссю, а зрабіць гэта, абмінаючы ўлады Беларусі, сёння немагчыма”, – упэўнены Алесь Лагвінец.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары