Сёння суд мае разгледзець скаргу Бяляцкага


Менскі гарадскі суд 11 жніўня мае разглядаць касацыйную скаргу арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на папярэджанне генпракуратуры Беларусі аб недапушчэнні парушэння заканадаўства. Слуханне справы прызначана на 14.00.

Папярэджанне аб недапушчэнні парушэння закона (арт. 193,1 КК РБ) вынесена Бяляцкаму сёлета ў лютым. “Вашы дзеянні ад імя праваабарончага цэнтра” Вясна ” пярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”, – гаварылася ў дакуменце.

Скаргу на папярэджанне Генпракуратуры Бяляцкі падаў у суд Цэнтральнага раёна Менска. Разгледзеўшы яе 20 чэрвеня, раённы суд адмовіў у задавальненні скаргі. Пасля гэтага праваабаронца накіраваў касацыйную скаргу ў гарадзкі суд. “Мне не прывялі ніводнага аргументу, чаму я не маю права ажыццяўляць праваабарончую дзейнасць ад імя праваабарончага цэнтра “Вясна” і чым такая дзейнасць наносіць шкоду нацыянальнай бяспецы ці грамадскаму парадку, правам і свабодам іншых людзей”, – гаворыцца ў ёй.

Увечары 4 жніўня Алесь Бяляцкі быў затрыманы і змешчаны пад варту па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Дэмакратычная грамадскасць лічыць яго арышт пераследам за праваабарончую дзейнасць.

Паколькі Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам у СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску, сёння ў Менгарсудзе яго інтарэсы будзе прадстаўляць лідэр РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак. Ён накіраваны ў суд у якасці прадстаўніка грамадскасці – у гэтым жа статусе ён прысутнічаў і пры разглядзе скаргі Бяляцкага ў судзе Цэнтральнага раёна.

Як паведаміў Гулак, Алесь Бяляцкі, як заяўнік скаргі, мае права прысутнічаць на слуханні. Калі ён выявіць такое жаданне, яго абавязаны даставіць з СІЗА.

Ці падаваў Бяляцкі хадайніцтва аб сваёй прысутнасці на разглядзе справы, невядома. “Гэта касацыйная скарга па грамадзянскай справе, і суд яе можа разгледзець як без прысутнасці заяўніка, гэтак і без прысутнасці яго прадстаўнікоў. Усё залежыць ад таго, якое рашэнне прыме суд. Магчыма, што і я туды не траплю”, – сказаў Алег Гулак.

belsat.eu

Стужка навінаў