Затрыманы Алесь Бяляцкі (Абноўлена)


https://youtu.be/YPqWtgHDSSs

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” затрыманы каля свайго дому ў Менску.

Алеся павезлі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў, а ў ягонай кватэры, дзе засталася жонка праваабаронцы Наталля, ідзе ператрус.

Як паведаміў “Белсату” праваабаронца Уладзімір Лабковіч, затрыманне Алеся Бяляцкага звязанае з ягонаю грамадскаю дзейнасцю, а перадусім з той матэрыяльнаю дапамогаю, якую праваабарончы цэнтр аказваў палітзняволеным і ахвярам рэпрэсіяў.

Праваабаронца Наста Лойка гаворыць, што Алеся Бяляцкага затрымалі ў раёне пл. Перамогі. Дарэчы, сёння з раніцы ля кватэры, дзе месціцца офіс “Вясны”, дзяжурылі міліцыянты і “невядомыя ў цывільным”. Але спробаў трапіць у офіс яны не рабілі, распавядаў “Белсату” літаральна гадзіну таму сам Алесь Бяляцкі.

***

Ля кватэры, дзе месціцца офіс праваабарончага цэнтру зараз знаходзяцца прадстаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследванняў. Па іх словах, яны чакаюць калі ў офіс даставяць Алеся Бяляцкага, каб пачаць ператрус, распавяла “Белсату” праваабаронца Таццяна Рэвяка.

***

Толькі што да офісу прывезлі Алеся Бяляцкага. Ён паспеў паведаміць калегам, што следчыя дзеянні праводзяць у межах крымінальнай справы, якая ўзбуджана па артыкуле за ўтойванне даходаў у асабліва вялікім памеры, паведаміла “Белсату” Таццяна Рэвяка. Алесь Бяляцкі разам з асобамі ў цывільным (гэта, як мяркуе спадарыня Равяка, прадстаўнікі КДБ ды дэпартаменту фінансавых расследванняў) пайшлі ў офіс, дзе пачынаецца ператрус. Жонку праваабаронцы Наталлю павезлі на лецішча Бяляцкіх у Ракаў, дзе таксама пройдзе вобшук.

***
Ператрус у офісе “Вясны” ідзе дагэтуль. Як гаворыць Таццяна Рэвяка, мяркуючы па тым, як ў вокнах запальваюць святло, сілавікі ўжо агледзелі два пакоі з трох. Па словах праваабаронцы, пасля ператрусу Алеся Бяляцкага зноўку павязуць на допыт. Яна не выключае, што яго могуць пакінуць пад арыштам. Артыкул, па якім узбуджана крымінальная справа прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці

Праваабарончы цэнтр “Вясна” дзее ў краіне з 1996 г., тады арганізацыя мела афіцыйную рэгістрацыю і называлася Праваабарончы цэнтр “Вясна-96”. Аднак у 2003 г. цэнтр пазбавілі рэгістрацыі. Усе спробы легалізаваць статус засталіся безвыніковыя. Аднак прадстаўнікі “Вясны” працягвалі займацца праваабарончаю дзейнасцю, за гэта атрымалі некалькі папярэджанняў – за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. 6 сакавіка 2004 г. ПЦ “Вясна” быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю правоў чалавека (FIDH).

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары