Міністэрства прыроды хоча, каб бізнесоўцы заняліся смеццем


Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацавала для гэтага інвестыцыйныя праекты.

Як паведамілі ў міністэрстве, перш за ўсё створаць адмысловы клуб «Бізнес і экалогія», каб аб’яднаць людзей і вызначыць, які праект каму прапанаваць. «Мы прааналізавалі сітуацыю ўзаемадзеяння экалогіі ды бізнесу ў Беларусі. На жаль, прыродаахоўная дзейнасць пакуль не зрабілася элементам бізнес-працэсу разам з пытаннямі павышэння якасці прадукцыі, павелічэння збыту і выбудоўвання лагістыкі. Мы маем намер змяніць гэтую тэндэнцыю», – кажа прэсавы сакратар міністэрства Алена Пенязь.

Эколаг Вольга Астаповіч станоўча ацэньвае захады чыноўнікаў: «Большасць беларускіх кампаніяў дагэтуль разглядае грошы, укладзеныя ў экалогію, толькі як вымушаныя выдаткі, не ўлічваючы рэальнага вяртання ўкладзеных сродкаў. Менавіта таму сёння мы маем такія сур’ёзныя праблемы з выкідамі і адсутнасцю якасных фільтраў на буйных прадпрыемствах. Адсутнічае экалагічнай культура, і шматлікія бізнесоўцы пакуль не разумеюць, што дзякуючы экалагічнай працы можна павышаць кошт на прадукцыю, павялічваць рынкі збыту і паляпшаць імідж кампаніі, асабліва выходзячы на замежныя рынкі».

Інвестыцыйныя праекты, падрыхтаваныя міністэрствам, датычаць перапрацоўкі і сартавання побытавых адкідаў, утылізацыі прамысловай прадукцыі пасля выкарыстання, другаснага выкарыстання прадукцыі ды перапрацоўкі прыродных рэсурсаў.

Дарэчы, ідэя экалагічнай адказнасці бізнесу даўно эксплуатуецца ў Японіі, ЗША і Заходняй Еўропе. Паводле інфармацыі Еўрапейскага агенцтва аховы навакольнага асяроддзя, гадавы абарот экалагічнай прамысловасці краінаў ЕЗ даходзіць да $ 800–900 млрд.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары