МЗС не каментуе заяву Пуціна


Міністэрства замежных справаў Беларусі не бачыць неабходнасці каментаваць учорашнюю заяву Уладзіміра Пуціна, заявіў прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства Беларусі Андрэй Савіных.

Выступаючы 1 жніўня ў Цвярской вобласці на моладзевым форуме “Селігер-2011”, прэм’ер-міністр Расеі заявіў, што Аляксандр Лукашэнка паслядоўна ідзе шляхам інтэграцыі. На пытанне, ці могуць Расея і Беларусь стаць адзіным цэлым, як гэта было ў час Савецкага Саюзу, Пуцін адказаў: “Гэта магчыма, вельмі пажадана і цалкам залежыць – на 100 % залежыць – ад волевыяўлення беларускага народу”.

Ён зазначыў, што ў Беларусі ёсць розныя падыходы да інтэграцыйных працэсаў, і важна, каб голас у абарону інтэграцыі быў пачуты. “Але пры ўсіх цяжкасцях, якія ўзнікаюць час ад часу, – скажам, у сферы эканомікі, у энергетыцы, з газам мы спрачаемся, трэба аддаць належнае сённяшняму кіраўніцтву рэспублікі ды Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, які паслядоўна ідзе шляхам інтэграцыі з Расеяй”, – падкрэсліў Пуцін.

“МЗС не бачыць неабходнасці каментаваць гэтую заяву. Варта зазначыць, што прэм’ер-міністр Расеі падкрэсліў, што гэтае пытанне на 100 % залежыць ад волевыяўлення беларускага народу”, – сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі.

Пытанне аб суверэнітэце Беларусі ўздымалася 17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі беларускім медыям. Тады кіраўнік краіны заявіў, што большасць насельніцтва “не хоча быць ні ў складзе Расеі, ні ў Еўразвязе на прынцыпе краінаў Балтыі”. “І я гэтага не хачу, – падкрэсліў Лукашэнка. – Я хачу, каб мы сваё шчасце знайшлі тут. Такая палітыка і такая незалежнасць дарагога каштуе. <…> Калі я кажу будаваць шчасце на сваёй зямлі – большасць грамадства гэта падтрымлівае”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары