Адвакат Брэйвіка: Мой кліент хацеў распачаць вайну


Нарвежскі тэрарыст уваходзіць у антыісламскую арганізацыю, сетка якой існуе ў Еўропе, гаворыць ягоны адвакат.

22 ліпеня Андэрс Бэрынг Брэйвік (Anders Behring Breivik) здзейсніў выбух ва ўрадавым квартале сталіцы Нарвегіі, у выніку якога загінулі восем чалавек. Пасля расстраляў 68 удзельнікаў моладзевага летніку, што на востраве Утэя (Utøya), на паўночны захад ад Осла, зладзіла кіроўная Лейбарысцкая партыя Нарвегіі. Гэтыя дзеянні сведчаць, што ён вар’ят, лічыць ягоны адвакат Хэйр Ліпэстад (Geir Lippestad).

“Ён сказаў, што трэба было пачынаць вайну тут, у Еўропе, і ва ўсім заходнім свеце. Такім чынам, ён шкадуе, што гэта было неабходна, але гэта было неабходна”, – перадаў юрыст словы Брэйвіка і дадаў, што ягоны кліент заявіў аб прыналежнасці да антыісламскай арганізацыі, некалькі суполак якой працуюць на Захадзе.

Паводле адваката, Брэйвік прыняў “пэўны від наркотыкаў”, каб адчуць моц і не заснуць, і вельмі здзівіўся таму, што яго не забілі падчас атак або ў панядзелак, калі яго везлі ў суд.

Ліпэстад стаў вядомым пасля таго, як у 2002 г. узяўся абараняць правацэнтрыста, якога асудзілі на 17 гадоў зняволення за забойства на расісцкай глебе пятнаццацігадовага Бэнджаміна Гэрмансэна (Benjamin Hermansen), бацька якога паходзіў з Афрыкі.

belsat.eu

Стужка навінаў