Фёдар Мірзаянаў: Найлепшай дапамогай была б Плошча


Палітвязня перавядуць у Івацэвіцкую калонію ўначы з 28 на 29 ліпеня. Напярэдадні этапу маці палітвязня ўдалося сустрэцца з сынам.

Як распавяла “Белсату” Людміла Мірзаянава, Фёдар прысутнасці духу не губляе, выглядае ўпэўненым, а ў ягоных выказваннях шмат іроніі. Адзінае, на што скардзіцца палітвязень, дык гэта на інфармацыйны вакуум. “У пятніцу яны ўсёй камераю гэтак чакалі новы нумар “Народнай Волі”, але газету не прынеслі. Не даходзяць да сына і лісты. Карацей, робяць усё, каб пазбавіць Фёдара эмацыйнага падтрымання з волі”, – гаворыць Людміла Мірзаянава.

Жанчына распавяла, што напярэдадні турэмнага спаткання выпадкова атрымала карэспандэнцыю, адрасаваную сыну. У рэдакцыю незалежнага выдання “Новы Час” калонія вярнула апошнія нумары газеты, што журналісты дасылалі палітвязню – маўляў, такога адрасату ў нас няма. Сярод стосу газет апынуліся і лісты, што прыходзілі Фёдару Мірзаянаву на адрас калоніі з усяго свету.

Там паштоўкі ад жонкі зніклага бізнесоўца Ірыны Красоўскай, ад актораў “Свабоднага тэатру”, ад беларусаў, што жывуць у краіне і па-за яе межамі. “Студэнтка эканамічнага ўніверсітэту піша Фёдару, што ганарыцца навучаннем з ім у адным ВУЗе, але не ганарыцца ўніверсітэтам, які не паўстаў на абарону свайго навучэнца, калі той трапіў пад каток дзяржаўных рэпрэсіяў”, – распавядае Людміла Мірзаянава. Жанчына ўжо ўпакавала ўсе гэтыя пасланні ў каперту, а для цэнзараў адмыслова зрабіла прыпіску з просьбай абавязкова перадаць лісты сыну.

Падчас спаткання ў СІЗА на Валадарскага Фёдар Мірзаянаў сказаў маці, што ведае пра ціск у калоніях на палітычных з мэтаю заставіць пісаць прашэнне аб памілаванні. Аднак папярэдзіў, што рабіць гэтага не будзе: “На маё пытанне, чым мы можам яму дапамагчы, Фёдар адказаў, што найлепшаю дапамогаю была б Плошча”.

Фёдара Мірзаянава за ўдзел у акцыі пратэсту вынікам прэзідэнцкіх выбараў асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. 15 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў вырак у сіле.

belsat.eu

Стужка навінаў