Маўклівы пратэст: 20 ліпеня (абноўлена)


Група “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” заклікала а 19.00 сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і галоўных плошчах іншых гарадоў. За вяртанне да традыцыйнага фармату правядзення акцыяў прагаласавала большасць наведнікаў старонкі групы «ВКонтакте».

19:59

Тыя, каго не затрымалі, пакрысе разыходзяцца. Застаюцца журналісты, за якімі сочыць некалькі міліцыянтаў у цывільным. З’явіліся аператар і журналіст дзяржаўнага тэлебачання. Міліцыйнае начальства раз’ехалася.

19:51
Ад’ехаў адзін з міліцыйных аўтобусаў з затрыманымі, іх колькасць можа сягаць 30 чалавек. Сярод арыштаваных – маці палітвязня Мікіты Ліхавіда. У другім аўтобусе – 4 затрыманыя. Да групы журналістаў далучыліся двое, яны назваліся працаўнікамі Генпракуратуры ды заявілі, што прыйшлі назіраць за дзеяннямі міліцыянтаў у цывільным. Каментаваць сітуацыю і сказаць прозвішчы адмовіліся.

19:44

Міліцыянты ў цывільным ізноў выходзяць з аўтобуса. Магчыма, будуць новыя затрыманні. Ужо арыштавалі не менш як 10 чалавек, у тым ліку журналіста “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Цімафея Скібенку.

19:36
Міліцыянты заломваюць людзям рукі, хто супраціўляецца, таго падымаюць і нясуць у аўтобус.
Міліцыянты ў цывільным таксама затрымліваюць удзельнікаў акцыі ля будынку Генеральнай пракуратуры, што на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

19:32
Распачаўся хапун! Да гатэлю “Еўропа”, дзе сканцэнтраваліся больш за сотню чалавек, пад’ехаў белы аўтобус. Адтуль выскачылі каля 20 міліцыянтаў у цывільным і пачалі выхопліваць людзей з натоўпу.

19:25
Частку ўдзельнікаў акцыі адціснулі ў бок вуліцы Энгельса. Людзі не супраціўляліся, але пачалі пляскаць. Тым часам на плошчу вярнулася група партэстоўцаў з боку Палацу Рэспублікі. Сюды ж прыехалі тры мікрааўтобусы без рэгістрацыйных нумароў.

19:21
Ігар Яўсееў вельмі занерваваўся, пабачыўшы спробы журналістаў браць інтэрв’ю ва ўдзельнікаў акцыі. Ён патрабуе, каб прадстаўнікі медыяў пакінулі плошчу.

19:20
Група з двух-трох дзясяткаў міліцыянтаў пабегла ад Кастрычніцкай у кірунку ГУМу. Міліцыянты пачынаюць выціскаць удзельнікаў акцыі ды журналістаў ад знака “нулявы кіламетр” у бок Палацу Рэспублікі.

19:13
Міліцыянты праз рацыю папрасілі падмацаванне да “нулявога кіламетра” – менавіта там сабралася група людзей 20–30 чалавек. Таксама невялікая група людзей – на прыступках Палацу Рэспублікі.

19:05
На плошчы намеснік кіраўніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў. Менавіта ён раней асабіста кіраваў разгонамі акцыяў. Яго суправаджаюць некалькі міліцыянтаў.

19:00
На Кастрычніцкай плошчы пакуль няшмат людзей. Да тых зто спыняецца адразу падыходзяць міліцынты і патрабуюць заходзіць.
Міліцынты з інфармацыйнай групы патрабуюць усіх журналістаў паказваць пасведчанні ды “акрэдытацыі”. Міліцыянты ў цывільным перашкаджаюць фатаграфаваць, хоць прадстаўнікі інфармацыйнай групы абяцаюць, што сёння ў дачыненні журналістаў міліцыя будзе дзеяць карэктна.
З’явілася інфармацыя пра тое што аўтазакі сканцэнтраваныя непадалёк ад “Нямігі” – ммагчыма для іх ДАІ “зарэзэрвавала” дзве паласы на праспекце.

18:45
На праспекце Незалежнасці перакрылі па адной паласе руху ў абодва кірункі – магчыма, для праезду міліцыйных машынаў і аўтазакаў. Кастрычніцкая плошча адкрытая, шмат міліцыянтаў у цывільным ды ў форме. Некаторыя з іх патрулююць праспект ад Галоўпаштамту да ГУМу. Міліцыянты ў цывільным здымаюць на камеру мінакоў. Аўтазакаў пакуль не відаць – карэспандэнты “Белсату” заўважылі толькі адзін міліцыйны аўтобус у двары.

belsat.eu

Стужка навінаў