Расея збівае кошты на беларускія прадпрыемствы?


Амбасадар Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Расея не бачыць сэнсу ў набыцці “Белтрансгазу” з-за адсутнасці выгоды. Але гатовая купіць другую частку беларускай трубы выключна ў якасці “братэрскай дапамогі”.

Паводле амбасадара, Расея мае трубаправод “Паўночная плынь”, які да канца года пачне працаваць напоўніцу. Праз беларускую ж трубу перапампоўваецца ўсяго 14 млрд кубоў газу з агульнага аб’ёму больш як 200 млрд кубаметраў. “Мы разглядаем набыццё “Белтрансгазу” ў вялікай ступені як дапамогу Беларусі ў сувязі з ростам коштаў на газ, які ўжо адбыўся пры пераходзе на ўзаемавыгадныя рынкавыя адносіны. Мы тады набылі за 2,5 млрд палову трубы з мэтаю кампенсацыі гэтага росту коштаў – ні для чаго іншага. І можам набыць другую палову таксама ў вялікай ступені з гэтых жа меркаванняў. Мы разумеем, што ўскосна датычныя да сітуацыі, яна часткова пагоршылася з-за росту коштаў на энерганосьбіты. І купляючы гэтую трубу, мы хочам у тым ліку дапамагчы беларускаму боку захаваць праз гэтую трубу транзіт. Бо набыўшы, мусім ужо самі думаць, як бы яна не прастойвала”, – заявіў Аляксандр Сурыкаў.

Эканамічны аналітык Сяргей Чалы называе заявы расейскага боку “некампетэнтнымі і несур’ёзнымі”. “Пры прагназаваным росце попыту на трубаправодны газ Расея вельмі зацікаўлена ў набыцці “Белтрансгазу”, але і цяпер гаварыць пра малую загрузку беларускага трубаправоду не выпадае”, – зазначае Сяргей Чалы. Паводле эксперта, транзіт газу праз беларускую тэрыторыю – гэта самы кароткі і самы танны шлях да еўрапейскага спажыўца. Таму Расея вельмі зацікаўлена ў гэтай угодзе, упэўнены эксперт.

Што тычыцца заявы пра “кампенсацыю за падвышэнне коштаў”, то, як зазначае Сяргей Чалы, ва ўмовах адзінай эканамічнай прасторы, якая пачынае дзеяць з 1 студзеня, кошты на газ для Беларусі мусяць адпавядаць расейскім плюс аплата за транспартаванне: “У адваротным выпадку гаварыць аб адзінай эканамічнай прасторы не выпадае – усё гэта блеф”.

Выказванні Аляксандра Сурыкава адносна незацікаўленасці расейскіх кампаніяў у набыцці “Беларуськалію”, МАЗу ды іншых беларускіх прадпрыемстваў накіраваныя на тое, каб “збіць” кошты на прапанаваны тавар, упэўнены эканамічны аналітык.

belsat.eu

Стужка навінаў