Самалёты NАТO разбамбілі РЛС у Трыпалі


Радыёлакацыйная сістэма размяшчалася на тэрыторыі міжнароднага аэрапорту сталіцы Лівіі. Паводле вайскоўцаў NАТO, раней яна выкарыстоўвалася ў цывільнай авіяцыі, аднак апошнім часам сілы Кадафі пачалі праз яе адсочваць актыўнасці авіяцыі NАТO ды каардынацыі сілаў супрацьпаветранай абароны.

Інфармацыю зняпраўджвае выканаўчы дырэктар аддзелу бяспекі аэрапорту Трыпалі. Паводле яго, радары выкарыстоўваліся выключна дзеля забеспячэння палётаў цывільных самалётаў, у тым ліку з гуманітарнымі грузамі.

У адмысловай заяве NАТO падкрэсліваецца, што Альянс і “надалей будзе кантраляваць лівійскую паветраную прастору ў мэтах запэўнівання бяспекі палётаў гуманітарных і дыпламатычных рэйсаў”.

Аэрапорт Трыпалі дагэтуль застаецца на стадыі будовы – дыспетчарскі пункт быў збудаваны, аднак гэтак і не ўведзены ў эксплуатацыю да пачатку грамадзянскай вайны.

belsat.eu

Стужка навінаў