Апазіцыйныя кандыдаты аб’ядналіся ў вялізны пікет


У апошні дзень збору подпісаў прэтэндэнты на прэзідэнцтва ад дэмакратычных сілаў правялі ў Менску аб’яднаны пікет. Не менш за паўсотні стэндаў і намётаў для збору подпісаў размесціліся ўздоўж праспекту Незалежнасці і на пляцоўцы каля ГУМу.

На пікеце прысутнічалі лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, патэнцыйны кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі, лідар сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і лідар “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў.

Як паведаміў Уладзімір Някляеў, гэтай акцыяй яны імкнуліся прадэманстраваць адзінства дэмакратычных сілаў і падзякаваць выбарцам, якія аддалі свае галасы ў падтрыманне прадстаўнікоў апазіцыі.

Паэт настойвае, што апазіцыі трэба ісці на выбары з адзіным кандыдатам. “Зразумела, кожны ў гэтай ролі бачыць сябе, і я тут не выключэнне”, – прызнаецца Уладзімір Някляеў. Але дадае, што гатовы саступіць і працаваць на карысць аб’ектыўна больш моцнага прэтэндэнта.

Міліцыя правядзенню акцыі не замінала, але вяла аператыўныя відэаздымкі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары