«Салідарныя з палітвязнямі». Сяржук Кухарскі


Сяргей Кухарскі, глядач «Белсату», да беларускіх палітвязняў: «Паважаныя незаконна асуджаныя, калі я чую, як дыктатар, што ўзурпаваў уладу ў нашай краіне, называе сусветных лідараў «вашывымі казламі», а свой народ «шалудзіваю масаю» і «адмарозкамі», мне хочацца парваць свой пашпарт. Мне сорамна быць грамадзянінам такой краіны. Краіны, што ператварылася ў сусветнага ізгоя, з насельніцтвам, якое ўвесь час змяншаецца. Але калі я бачу на арганізаваных хунтою судзілішчах вашыя стомленыя, але моцныя ўсмешкі, гэты сорам знікае. Бо я разумею, што ў краіне ёсць людзі, людзі з вялікай літары, гатовыя змагацца за нашую свабоду, нашыя правы. За права пляскаць у ладкі, калі нам гэтага хочацца, за права збірацца ў любой колькасці і там, дзе нам гэтага хочацца. За права не пачувацца ў гэтай краіне бяспраўнаю малекулаю, ад якой нічога не залежыць. Я веру, што сітуацыя хутка зменіцца, і мы зможам паціснуць вашыя моцныя рукі на цэнтральных плошчах нашых гарадоў. А месца ў вязніцах зоймуць тыя, хто іх заслугоўвае, – сапраўдныя злачынцы: суддзі, што абвяшчаюць неабгрунтаваныя прысуды, міліцэйскія і КДБ-шныя начальнікі, што аддаюць загад збіваць мірных грамадзянаў на беларускіх вуліцах, а таксама ўсе тыя, хто займаўся фальсіфікацыяй выбараў, на чале з галоўным ворагам Беларусі – так званым прэзідэнтам. Мужнасці вам, сілы і здароўя! Гэты рэжым урэшце скончыцца, і менавіта такія моцныя і валявыя людзі будуць будаваць новую еўрапейскую краіну. Беларусь, у якой не будзе месца ні страху, ні нянавісці. Бо мы ўсе, незалежна ад нашых поглядаў і перакананняў, – адзін народ. Жыве Беларусь!»

У межах спецыяльнай акцыі тэлеканалу «Белсат» больш за 30 вядомых асобаў Беларусі ды свету выступяць з пасланнямі да беларускіх палітычных зняволеных.

Кароткія ролікі будуць паказваць на тэлеканале штодня пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву» а 21:25. А таксама пасля паўтораў галоўнага выдання інфармацыйнай праграмы «Белсату» напрыканцы эфіру і раніцай а 7:20. Кліпы таксама будуць размешчаныя на сайце тэлеканалу www.belsat.eu.

Гледачы і прыхільнікі «Белсату» могуць далучыцца да акцыі ды прыслаць свае ролікі са словамі падтрымання беларускіх палітзняволеных на адрас salidarnasc@belsat.eu. Ліст мае ўтрымліваць вашую пісьмовую згоду на бязвыплатнае змяшчэнне відэазвароту на старонцы www.belsat.eu, а таксама ў эфіры тэлеканалу.

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, дзе за палітычныя погляды можна трапіць у турму. Гэтак, 19 снежня падчас мірнай дэманстрацыі арыштавалі каля 700 чалавек. 35 асобаў абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў, у тым ліку экс-кандыдатаў на прэзідэнта.

Больш відэа – тут.

belsat.eu

Стужка навінаў