Абвінавачанне за абвінавачаннем


12 ліпеня аднаўляецца суд па ліквідацыі «Нашай Нівы». Сёння ж у выданні даведаліся, што «супраць юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеная функцыя выдаўца газеты, распачатая адміністратыўная справа паводле арт. 22.9 ч. 3 КоАП РБ».

Падставаю для яе адкрыцця сталася тое, што цягам года «Наша Ніва» двойчы парушыла заканадаўства аб СМІ. Цяпер незалежнай газеце пагражае яшчэ і штраф памерам ад 100 да 500 баз. вел. Другое папярэджанне, нагадаем, вынеслі выданню 6 ліпеня за тое, што ў выходных звестках аднаго з нумароў газеты не быў пазначаны падпісны індэкс.

«Мы лічым, што гэтае папярэджанне вынесенае на фармальнай падставе. Такія «тэхнічныя памылкі» часта дапускаюць выданні, у тым ліку і дзяржаўныя. Мы будзем яго аспрэчваць. Калі ўдасца давесці суду, што гэтае папярэджанне – занадта суровае пакаранне за адсутнасць падпіснога індэксу, то і адміністратыўная справа не будзе мець сэнсу», – заявіў «Белсату» рэдактар выдання Андрэй Скурко. Ён таксама зазначыў, што газета здавацца не збіраецца.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец мяркуе, што папярэджаннем за падпісны індэкс Міністэрства інфармацыі зрабіла сабе задзел – 14 ліпеня спаўняюцца тры месяцы з моманту атрымання апошняга папярэджання, цягам якіх, паводле заканадаўства, газету можна зачыніць. «Калі заўтра з якіх-небудзь прычынаў не будзе вырашанае пытанне пра ліквідацыю «Нашай Нівы», то ў міністэрства будзе «папярэджанне пра запас», што дазволіць цягам трох месяцаў вярнуцца да гэтай справы зноўку», – тлумачыць юрыст. Андрэй Бастунец нагадвае, што слуханне справы аб закрыцці незалежнай газеты Вышэйшы гаспадарчы суд аднаўляе, нават не чакаючы вынікаў разгляду ў касацыйнай інстанцыі прысуду пра пакіданне ў сіле папярэджання за нататку «Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі».

belsat.eu

Стужка навінаў