Праваабаронцы: Затрыманых – не менш як 300 чалавек


У Беларусі падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Дзень Незалежнасці затрымана прынамсі 300 чалавек. Паводле звестак праваабаронцаў, не менш за 210 чалавек схапілі ў Менску, прыкладна 90 – у рэгіёнах.

Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каля 140 чалавек цяпер застаюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Паводле Стэфановіча, на іх складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні.

Слуханні справаў маюць прайсці сёння ў судах Фрунзенскага, Савецкага, Заводскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў Менску – ва ўпраўленні ўнутраных справаў гэтых раёнаў прывозілі затрыманых. Аднак з увагі на вялікую колькасць затрыманых, не выключана, што справы будуць разглядаць ва ўсіх раённых судах гораду, дадаў праваабаронца.

Што да рэгіёнаў, то найбольш масавыя затрыманні былі ў Гомлі, Горадні, Магілёве. У Гомлі арыштавалі каля 30 чалавек, у Горадні – каля 20, у Магілёве – 12, з якіх шасцёра ўжо вызваленыя. Выпадкі затрымання ўдзельнікаў акцыяў маўклівага пратэсту таксама адзначаліся ў Берасці, Віцебску, Салігорску ды іншых гарадах.

Беларускія праваабаронцы выступілі з адкрытаю заяваю аб недапушчальнасці затрыманняў удзельнікаў акцый мірнага пратэсту, бо гэта ёсць найгрубейшым парушэннем правоў чалавека.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары